Судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі прызначыў для Віктара Бабарыкі пакараньне — 14 год зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).
«Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова Бабарыку прызначыць 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры пяць тысяч базавых велічыняў, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў»,— абвясьціў прысуд судзьдзя Любавіцкі.
Абаронца Бабарыкі адвакат Дзьмітры Лаеўскі пасьля агучваньня выраку заявіў:
«Мы будзем дамагацца адмены абвінаваўчага прысуду ўсімі магчымымі даступнымі сродкамі прававой абароны. Апэляцыйнага абскарджваньня наш падабаронны пазбаўлены ў гэтым выпадку. Таму прысуд у найбліжэйшы час будзе абскарджаны ў парадку нагляду. Таксама мы будзем ставіць пытаньне аб парушэньні правоў Віктара Бабарыкі перад камітэтам правоў чалавека ААН».
Віктар Бабарыка мае выплаціць штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў. Паколькі вырак вынес суд найвышэйшай інстанцыі, Бабарыка ня мае права абскардзіць прысуд.
Дзясяткі людзей прыехалі перад абвяшчэньнем выраку да будынку суду Маскоўскага раёну Менску, месца ў залі ўсім не хапіла, людзі стаялі ў чарзе, міліцыянт прасіў іх разысьціся.
Пасьля абвяшчэння прысуду Віктару Бабарыку як мінімум дваіх чалавек затрымалі.
Да будынку суду прыехалі такасама амбасадары і дыпляматы Аўстрыі і Францыі, Вялікай Брытаніі і прадстаўніцтва Эўразьвязу.
Судовы разбор доўжыўся больш за чатыры з паловай месяцы. Экс-банкір знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ з 18 чэрвеня 2020 году. З апошнім словам Віктар Бабарыка выступіў 28 чэрвеня і сказаў, што не зьдзяйсьняў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў і яму ня сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі.
21 чэрвеня ў памяшканьні суду Маскоўскага раёну Менску пачаліся спрэчкі бакоў у справе Віктара Бабарыкі і іншых былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
На наступны дзень пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).
Гэта максымальны тэрмін пры падобных абвінавачаньнях. Астатнім фігурантам запрасілі ад 3 да 6,5 года пазбаўленьня волі.
У сваю чаргу Віктар Бабарыка, выступаючы ў судзе з апошнім словам, заявіў, што ня можа прызнацца ў злачынстве, якога не зьдзяйсьняў. Ён сказаў, што пражыўшы кавалак жыцьця і знаходзячыся ў клетцы, ён ня мае сораму за сваё жыцьцё перад сям’ёй і калегамі. Свой перасьлед ён лічыць палітычна матываваным, як помсту за агучанае жаданьне ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Беларусі.
Каго яшчэ асудзілі разам з Бабарыкам
Разам зь Віктарам Бабарыкам судзілі топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку», на лаве падсудных апынуліся і былі пакараныя:
- Сяргей Шабан — 6 гадоў пазбаўлення волі;
- Дзьмітры Кузьміч — 6,5 гадоў пазбаўлення волі;
- Аляксандар Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Кірыл Бадзей — 5,5 гадоў пазбаўлення волі;
- Віктар Кабяк — 3 гадоў пазбаўлення волі;
- Аляксей Задойка — 5 гадоў «хатняй хіміі».
Іх прызналі вінаватымі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваўся ў даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры. З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком былі заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.
Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда затрымалі ў Менску летась 18 чэрвеня. Ад таго часу яны за кратамі.
Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.