Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прычыны патоку мігрантаў зь Беларусі ў Літве прапануюць увесьці рэжым экстрэмальнай сытуацыі


Мігранты зь Беларусі ў Літве
Мігранты зь Беларусі ў Літве

У сувязі з ростам патоку мігрантаў зь Беларусі Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМЛ) просіць увесьці рэжым экстрэмальнай сытуацыі. Пра гэта паведамляе партал Delfi

«Наш Цэнтар надзвычайных сытуацый прапануе Міністэрству ўнутраных спраў абвясьціць экстрэмальную сытуацыю на дзяржаўным узроўні», — заявіў журналістам у пятніцу намесьнік камандуючага памежнай службы, палкоўнік Антанас Мантвідас.

Гэта, паводле яго словаў, дасьць магчымасьць уключыць дадатковыя сілы, спрасьціць працэдуры публічных закупак, а мясцовыя ўлады павінны будуць даць памяшканьні для расьсяленьня мігрантаў.

«Калі летась у нас было каля 70 нелегальных мігрантаў, то на сёньняшні дзень іх ужо 800, у 11 разоў больш», — сказаў у пятніцу на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік кіраўніка САДМЛ Відас Мачайціс.

«У асноўным гэта грамадзяне Іраку, Ірану, Сырыі, ёсьць і грамадзяне Беларусі», — сказаў прадстаўнік ведамства.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў сытуацыю напружанай. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка павінен быць пазбаўлены магчымасьці падманным шляхам прыцягваць новых асобаў, якія маюць намер нелегальна трапіць у Эўразьвяз.

Мігранты, як адзначыў кіраўнік літоўскага МЗС, магчыма, і могуць дабрацца да мяжы з дапамогай рэжыму Лукашэнкі, аднак усе, хто незаконна перасек мяжу ЭЗ, павінны быць вернутыя туды, адкуль яны прыбылі.

Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і нават у спрыяньні перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рост колькасьці мігрантаў — гэта сьвядомая палітыка беларускіх уладаў супраць Літвы. Яна назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.

Беларускія ўлады мэтанакіравана перакідаюць мігрантаў да мяжы, завабліваючы іх у краіну пакетнымі прапановамі дзяржаўнага турыстычнага агенцтва (напрыклад, рэйс з Багдаду або Стамбулу і даезд да літоўскай мяжы). Такую вэрсію ў інтэрвію Financial Times раней выказаў Габрыелюс Ландсбергіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG