Супрацоўнікі Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex ад 2 ліпеня пачнуць патруляваньне мяжы Літвы зь Беларусьсю, паведамляе Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы. Шасьцёра афіцэраў пастаяннага корпусу агенцтва далучацца да літоўскіх памежнікаў у патруляваньні мяжы.
Афіцэры прыбылі ў Літву з Францыі, Вугоршчыны і Нямеччыны. Далей плянуецца пашырыць корпус да 30 чалавек. Яны прыедуць у Літву ў сярэдзіне ліпеня са сваім абсталяваньнем, узбраеньнем і транспартам.
Мэты Frontex — каардынацыя супрацоўніцтва дзяржаў-сяброў Эўразьвязу ў галіне кіраваньня зьнешняй мяжой, дапамога ў падрыхтоўцы памежнікаў, павышэньне кваліфікацыі і вызначэньне адзіных патрабаваньняў да навучаньня. Агенцтва таксама праводзіць аналіз рызык і кантралюе разьвіцьцё дасьледаваньняў, зьвязаных з кантролем зьнешніх межаў.
Літва ўзмацніла бясьпеку мяжы зь Беларусьсю ў выніку наплыву мігрантаў, колькасьць якіх павялічылася ў параўнаньні зь мінулым годам у 8 разоў. Акрамя афіцэраў Frontex, да ўчастку прыкамандзіравалі службовых асобаў іншых падразьдзяленьняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы і выдзелілі на ахову пазачарговыя тэхнічныя рэсурсы.
Цяпер ахоўваць літоўскую мяжу з боку Беларусі дапамагаюць сілы Службы грамадзкай бясьпекі, Саюзу стралкоў і іншых устаноў.
Сярод затрыманых сёлета на мяжы зь Беларусьсю літоўскімі сіламі правапарадку 672 мігрантаў найбольшая колькасьць — грамадзяне Іраку альбо замежнікі, якія назваліся імі: 428 чалавек. Таксама затрымалі 51 грамадзяніна Ірану, 45 — Сырыі, 44 — Беларусі, 28 — Расеі, 12 — Турэччыны, 10 — Шры-Ланкі, яшчэ 54 чалавекі назваліся грамадзянамі іншых дзяржаў.
Літоўскі бок вінаваціць Лукашэнку і яго атачэньне ў арганізацыі нелегальнай схемы транспартаваньня мігрантаў да літоўскай мяжы. У Вільні лічаць, што афіцыйны Менск адмыслова займаецца арганізацыяй рэйсаў з Багдаду дзеля напаўненьня Эўропы мігрантамі ў адказ на санкцыі за рэпрэсіі супраць беларускага народу.