Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамогай у вайне карыстаюцца, каб караць беларусаў». Што зрабіў нямецкі гісторык на знак пратэсту


Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня ў Берасьцейскай крэпасьці
Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня ў Берасьцейскай крэпасьці

Фэлікс Акерман пакінуў Беларуска-нямецкую гістарычную камісію. Такім чынам нямецкі гісторык пратэстуе супраць палітызацыі гісторыі ў Беларусі і выкарыстаньня яе для перасьледу нязгодных з рэжымам Лукашэнкі.

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, чаму ўлада карыстаецца тэмай вайны ў палітычнай спрэчцы і якая роля ў гэтым Акадэміі навук.

«Акадэмія навук дапамагае дзяржаве перасьледаваць беларусаў»

Беларуска-нямецкая гістарычная камісія была створаная на пачатку 2020 году. Яна аб’ядноўвае гісторыкаў з абедзьвюх краінаў з мэтай сумесных дасьледаваньняў беларускай і нямецкай гісторыі. Зь беларускага боку ў яе ўваходзяць, у прыватнасьці, рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Вячаслаў Даніловіч, Віктар Шадурскі з БДУ, Аляксей Літвін з Акадэміі навук. Летась камісія ініцыявала зварот у нямецкія СМІ з заклікам выкарыстоўваць назву краіны Belarus, а не Weißrussland. Сёньня практычна ўсе нямецкамоўныя СМІ так і пішуць.

Але напрыканцы мінулага году ў камісіі пачаліся спрэчкі, бо з Акадэміі навук пачалі звальняць гісторыкаў або не працягваць ім кантракты. Пасьля гэтага атмасфэра ў камісіі зрабілася складанай.

Паводле нямецкага гісторыка, калі летась чальцы камісіі пачалі зьбіраць подпісы супраць звальненьня гісторыкаў з Акадэміі навук, то акадэмік-сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў АН Аляксандар Каваленя абвінаваціў Акермана і Дыяну Зыбэрт з Зыгенскага ўнівэрсытэту ў палітызацыі камісіі.

«Я лічу, што Аляксандар Каваленя не гатовы на адкрытую размову, бо гэта небясьпечна для яго ў ідэалягічным сэнсе. Лічу, што мы мусім спыніць фармальнае супрацоўніцтва з Акадэміяй навук, якая дапамагае дзяржаве ў перасьледзе жыхароў Беларусі».

«На нашых вачах актыўна распрацоўваецца наратыў, што нацызм і пратэсты — адно і тое ж»

Сваё рашэньне пакінуць камісію Акерман тлумачыць актыўнай роляй Акадэміі навук Беларусі, у прыватнасьці Інстытуту гісторыі, у стварэньні новага наратыву пра генацыд супраць беларусаў, калі ўдзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў упісваюць у нацысцкі кантэкст.

«На нашых вачах актыўна распрацоўваецца наратыў, што нацызм і пратэсты — адно і тое ж. Мы выдатна разумеем, што гэта ня так і што людзі, якія пратэставалі ўвосень і ўзімку пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, што яны далёкія ад фашызму і нацызму», — кажа нямецкі гісторык.

Фэлікс Акерман
Фэлікс Акерман

Паводле Акермана, афіцыйны наратыў пра генацыд супраць беларускага народу ўпісваецца ў антысэміцкую структуру, якая прадугледжвае, што пратэстоўцы несамастойныя і што імі кіруюць з-за мяжы, у тым ліку людзі зь яўрэйскімі прозьвішчамі.

«Мы бачым новую хвалю антысэмітызму, асабліва ў „Советской Белоруссии“. Або тое, што Анджэй Пачобут цяпер у вязьніцы — гэта канкрэтны вынік гэтай формы ідэалягічнага перасьледу. Я супраць выкарыстаньня гісторыі ў палітычнай барацьбе і перасьледу грамадзян Беларусі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, або і не».

Акерман мае на ўвазе канкрэтна новы закон супраць рэабілітацыі нацыянал-сацыялізму. Паводле гісторыка, ён напісаны такім чынам, што любы грамадзянін Беларусі, як і любы гісторык зь любой краіны, можа стаць ахвярай перасьледу.

«Але ўсё гэта толькі паказвае бясьсільле рэжыму. Сьвет, жыцьцё ў Беларусі і грамадзтва настолькі зьмяніліся цягам пратэстаў, рэчаіснасьць настолькі моцная, што толькі так можна патлумачыць сілу іх рэакцыі. Яны спрабуюць сілай вярнуць тое, што зьмянілася. Але спрабаваць вешаць на ўдзельнікаў пратэсту нацызм — гэта форма бясьсільля. Сумна тое, што праз гэта людзі сядзяць у турмах».

«Калі беларускі бок зацікаўлены ў гістарычнай праўдзе, то няхай адчыніць архівы»

Паводле Акермана, улады выкарыстоўваюць у сваіх мэтах тэму той жа калябарацыі падчас вайны толькі таму, што самі не дазвалялі гісторыкам гэтае пытаньне дасьледаваць. Таму сёньня гэтай тэмай можна як заўгодна маніпуляваць. Нямецкі гісторык кажа, што Акадэмія навук не прапусьціла практычна ніякіх працаў пра ІІ сусьветную вайну з прычыны жорсткага ідэалягічнага кантролю. Другая прычына — гэта тое, што матэрыялы па многіх справах знаходзяцца ў архівах КДБ.

«Калі беларускі бок зацікаўлены ў гістарычнай праўдзе, то няхай адчыніць архівы. Там вельмі шмат цікавых рэчаў, але і вельмі складаная карціна. Давайце падумаем пра Заходнюю Беларусь, дзе вайна пачалася з нападу Чырвонай Арміі, зь перасьледу палякаў, габрэяў і беларусаў. Там яшчэ да нападу немцаў ішлі дэпартацыі звычайных грамадзян. І калі мы да гэтага дадамо нямецкі гвалт, самы жахлівы з тых, што былі, то мы будзем у стане стварыць новыя падыходы. Аднак для гэтага трэба адчыніць архівы КДБ. Але гэта стане магчымым толькі тады, калі Беларусь стане вольнай краінай. А людзі, якія сёньня чыняць увесь гэты жах, адкажуць тады па законе за распальваньне міжэтнічнай варожасьці. Тое, што адбываецца ў Беларусі супраць каталікоў, палякаў і габрэяў, падпадае пад гэты закон».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG