Нямецкія гісторыкі зьвярнуліся да ўладаў і грамадзкасьці з нагоды 80-годзьдзя нападу Нямеччыны на СССР. У лісьце, які падпісалі 15 спэцыялістаў у гісторыі Ўсходняй Эўропы ХХ стагодзьдзя, нямецкія гісторыкі галоўную ўвагу аддаюць Беларусі, якая ў часе вайны стала арэнай найбуйнейшых злачынстваў, якія калі-небудзь плянаваліся і ўчыняліся на памежжы Заходняй і Ўсходняй Эўропы.
Паводле найноўшых навуковых ацэнак, сказана ў лісьце, у выніку нямецкай агрэсіі памерла або загінула ад 1,7 да 2,1 мільёна чалавек, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь ці былі прызваныя адтуль у Чырвоную армію, што адпавядае прыкладна 20% колькасьці насельніцтва Беларусі напярэдадні вайны. Гэта адзін з найвышэйшых узроўняў сьмяротнасьці сярод краін, закранутых Другой сусьветнай вайной.
- З падтрымкай і пры ўдзеле вэрмахту падразьдзяленьні СС і паліцыі ў пэрыяд з канца лета 1941 году да вясны 1943 году амаль цалкам вынішчылі яўрэйскае насельніцтва Беларусі. Больш за 500 000 мужчын, жанчын і дзяцей былі забітыя непасрэдна паблізу іх месца жыхарства.
- Паралельна з Галакостам на акупаванай савецкай тэрыторыі разгарнулася яшчэ адна кампанія масавых забойстваў — мэтанакіраванае давядзеньне да сьмерці мільёнаў ваеннапалонных, якія паміралі ў лягерах пад адкрытым небам ад голаду і тыфу, рабіліся ахвярамі самавольства і гвалту. На тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь нямецкія акупанты забілі гэтак ад 700 да 800 тысяч савецкіх палонных.
Тыя жыхары Беларусі, хто не пацярпеў ад забойстваў яўрэяў і савецкіх ваеннапалонных, аказаліся цалкам безабароннымі перад самавольствам СС, паліцыі і нямецкай цывільнай адміністрацыі. Амаль кожную другую сям’ю ў Беларусі закрануў вываз на прымусовыя работы ў Нямеччыну або іншыя рэгіёны, акупаваныя немцамі.
Аднак грамадзкасьць у Нямеччыне дагэтуль мала ведае пра маштабы гэтых масавых злачынстваў і іх наступствы, пішуць гісторыкі ў сваім лісьце:
«Галоўная прычына палягае ў тым, што большасьць службоўцаў вэрмахту не расказвалі пра тое, што яны перажылі і сьведкамі чаго сталі. Прадстаўнікам наступных пакаленьняў часта застаецца толькі саромецца няведаньня і неасэнсаванасьці падзеяў мінулага ў рамках уласнай сям’і».
Аўтары ліста заклікаюць агульнадзяржаўныя, рэгіянальныя і мясцовыя ўстановы Нямеччыны, а таксама сем’і магчымых выканаўцаў і сьведак злачынстваў зь Нямеччыны адкрыць доступ да ўсіх наяўных крыніц. У многіх сямейных архівах захоўваюцца фотаальбомы нямецкіх вайскоўцаў, якія ўтрымліваюць каштоўныя зьвесткі, што могуць паслужыць зыходным пунктам для далейшых дасьледаваньняў.
Падпісанты патрабуюць правесьці сыстэматычнае аблічбаваньне архіўных дакумэнтаў у Нямеччыне і Беларусі, каб зьявілася магчымасьць зьвесьці разам розныя комплексы ведаў. Фэдэральны архіў Нямеччыны павінен аблічбаваць асноўныя фонды, якія датычаць акупацыі заходніх абласьцей СССР, і даць дасьледнікам доступ да іх дзеля вывучэньня нямецкіх злачынстваў прыватным чынам і ў інтарэсах грамадзкасьці.
У лісьце таксама выказваецца занепакоенасьць дзяржаўнай гістарычнай палітыкай у Рэспубліцы Беларусь:
«Як прадстаўніцы і прадстаўнікі гістарычнай навукі мы сёньня зь вялікай занепакоенасьцю назіраем за тым, як гісторыя Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваецца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь у якасьці палітычнай зброі для дыскрэдытацыі дэмакратычнага руху».
Падпісанты ліста лічаць «абавязкам нямецкага грамадзтва думаць і абмяркоўваць, як мы можам у ХХІ стагодзьдзі разам зь беларускім грамадзтвам захоўваць памяць пра злачынствы і разбурэньні, учыненыя на тэрыторыі тагачаснай БССР».