Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінцы і расейцы «дакладна не адзін народ». Пра гэта ён заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Украіна», апублікаваным 1 ліпеня, камэнтуючы ўчорашнія заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
«Давайце нарэшце расставім кропкі над „i“. Мы дакладна не адзін народ. Так, у нас шмат агульнага. У нас агульная частка гісторыі, памяць, суседзтва, сваякі, агульная перамога над фашызмам і агульныя трагедыі... Але мы, паўтару яшчэ раз, не адзін народ. Калі б мы былі адным народам, то ў Маскве, хутчэй за ўсё, хадзілі б грыўні, а над Дзярждумай лунаў бы жоўта-блакітны сьцяг. Таму дакладна не адзін народ. У кожнага з нас свой шлях», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго, ва ўкраінцаў і расейцаў мусіць быць адна мэта — скончыць вайну на Данбасе, вярнуць Украіне яе тэрыторыі. «І яшчэ нешта — немагчыма адначасова гаварыць пра „адзін народ“ і адкрыта захопліваць нашы тэрыторыі і працягваць бойню на Данбасе. Гэта ж відавочна», — дадаў ён.
Зяленскі таксама заявіў, што тэза Пуціна пра «вонкавае кіраваньне» — гэта «выключна прапагандысцкая мантра» для ўнутранага спажыўца ў самой Расеі.
«Бо ў рэальным сьвеце ўсе пытаньні, якія тычацца Ўкраіны, вырашаюцца выключна ва Ўкраіне і ўкраінскай дзяржавай, а дакладна ня ў нейкай суседняй краіне і дакладна не „ценявымі пасярэднікамі“, якія цяпер пад хатнім арыштам або ў вышуку», — сказаў украінскі прэзыдэнт.
Паводле яго, нядаўні саміт ЗША — Расея паказаў, што пытаньні Ўкраіны не вырашаюцца «нават у фармаце непасрэднай камунікацыі» амэрыканскага і расейскага прэзыдэнтаў.
«У нас у краіне, дарэчы, вельмі папулярная фраза „нічога пра Ўкраіну без Украіны“. Менавіта так цяпер і працуе наша дзяржава. Падзеі, якія адбываюцца на глябальным палітычным рынку, толькі пацьвярджаюць гэта. Больш за тое, ужо 12 ліпеня адбудзецца мая асабістая сустрэча з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. У канцы ліпеня будуць непасрэдныя перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны пацьвердзіў, што гатовы сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі, «калі ён сапраўды зацікаўлены ў вырашэньні шэрагу крызісных пытаньняў, якія аб’ектыўна існуюць у двухбаковых дачыненьнях Украіны і Расеі».
«У любым выпадку падрыхтоўка да гэтага няпростага матчу працягваецца», — дадаў ён.
Напярэдадні падчас «прамой лініі» прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ня лічыць украінскі народ «непрыязным», аднак лічыць такім кіраўніцтва Ўкраіны.
Пуцін зазначыў, што ва Ўкраіне, як і ў Расеі, дастаткова «вузкалобых людзей», якія «руйнуюць краіну», у прыватнасьці, заціскаючы апазыцыю. У прыватнасьці, ён заявіў пра несправядлівы перасьлед прарасейскага палітыка, свайго кума Віктар Медзведчука, якога Пуцін назваў «украінскім нацыяналістам».
Прэзыдэнт Расеі дадаў, што не адмаўляецца ад ідэі сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, але заявіў, што «спачатку трэба зразумець, пра што гаварыць». Пуцін заявіў, што ключавыя ўкраінскія пытаньні вырашаюцца «ня ў Кіеве, а ў Вашынгтоне, часткова ў Бэрліне і Парыжы».
Пазьней міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба адрэагаваў у твітэры на словы Пуціна.
«Калі Пуцін заводзіць старую песьню пра „вонкавае кіраваньне“, гэта азначае толькі адно: ён марыць, каб пытаньні Ўкраіны вырашаліся ў Маскве. Пазыцыя прэзыдэнта Зяленскага і воля ўкраінскага народу выразная: гэта наша краіна, і ніхто ня будзе вырашаць наш лёс, акрамя нас саміх», — падкрэсьліў міністар.
У гэтым месяцы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што магчымасьць яго сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным «занадта адцягвае» расейскі бок.
«Яны ўздымаюць пытаньні расейскай мовы, царквы і гэтак далей. Нават у сродках масавай інфармацыі абмяркоўваюць маю фігуру — гэта вельмі „важна“ ў двухбаковых дачыненьнях, калі ідзе вайна...», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Ён зазначыў, што расейскі бок апэлюе да Ўкраіны ня тымі пытаньняхмі, якія павінны быць галоўнымі.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наконт непасрэднай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў, што бакі павінны сустрэцца «або ў адным зь месцаў канфлікту, або на нэўтральнай тэрыторыі», а не ў Маскве, як прапануе Крэмль.
Ён запрасіў прэзыдэнта Расеі сустрэцца на Данбасе, а Пуцін заявіў, што гатовы сустрэцца ў Маскве. Пазьней Зяленскі заявіў, што падрыхтоўка да яго сустрэчы з Пуціным працягваецца. Пры гэтым ён дадаў, што мае значэньне зьмест размовы, а ня месца, дзе яе праводзіць. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў казаў, што Пуцін можа абмяркоўваць са сваім украінскім калегам пытаньні двухбаковых дачыненьняў, але не сытуацыю на Данбасе.