Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі вызваленага раней у Расеі фігуранта справы аб падрыхтоўцы тэракту


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

29 чэрвеня ў Беларусі затрымалі фігуранта справы аб падрыхтоўцы тэракту ў маскоўскім кінатэатры «Кіргізія» Артура Маслакова.

Пра гэта паведамляе расейскі праваабарончы цэнтар «Мемориал» са спасылкай на маці Маслакова Яўгенію.

Паводле яе, сын сам патэлефанаваў ёй днём і паведаміў пра сваё затрыманьне. Хто і дзе яго затрымаў, ён не сказаў.

Затым ужо ўвечары ён патэлефанаваў паўторна і паведаміў, што яго арыштавалі на тры дні.

Маці Маслакова трывожыцца, што яго могуць катаваць для таго, каб прымусіць «прызнацца ў якім-небудзь тэрарыстычным злачынстве».

Яна адзначыла, што яе сын адправіўся ў Беларусь для таго, каб затым выехаць на Захад і падаць там прашэньне аб палітычным прытулку: Маслакоў асьцерагаецца, што суд можа адмяніць яго вызваленьне з прычыны хваробы, і яго зноў адправяць у калёнію адбываць тэрмін па тэрарыстычным артыкуле.

У лістападзе 2013 году Маслакова разам яшчэ з чатырнаццацьцю асобамі затрымалі ў маскоўскім гостэле. Сілавікі заявілі, што выявілі выбуховыя прылады і боепрыпасы, і паведамілі, што выкрылі ячэйку ісламісцкай арганізацыі «Ат-Такфір валь-хіджра», прызнанай у Расеі тэрарыстычнай. Паводле вэрсіі сьледзтва, гэтыя асобы займаліся падрыхтоўкай выбуху ў кінатэатры «Кіргізія» ў Маскве.

У красавіку 2016 году Маслакову прысудзілі 12 гадоў калёніі строгага рэжыму.

Іншым фігурантам справы далі тэрміны ад 11 да 13 гадоў калёніі строгага рэжыму. Усе асуджаныя заявілі аб сваёй поўнай невінаватасьці.

У калёніі ў Цюменскай вобласьці ў Маслакова абвастрыліся праблемы са зрокам — ён практычна асьлеп. З гэтай прычыны ў кастрычніку 2020 году яго вызвалілі па стане здароўя.

Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў Артура Маслакова і іншых фігурантаў гэтай справы палітычнымі зьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG