Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі адмовіліся разглядаць зварот маці палітвязьня, якога затрымалі ў Беларусі


Ягор Дуднікаў
Ягор Дуднікаў

Маці палітвязьня, грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава, зьвярнулася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, каб ён паспрыяў дэпартацыі Ягора на радзіму або зьмене меры стрыманьня на хатні арышт.

З упраўленьня расейскага прэзыдэнта па працы са зваротамі грамадзян і арганізацый Юліі Дуднікавай адказалі, што яе электронны зварот ад 26 чэрвеня на імя прэзыдэнта Расеі зарэгістраваны.

«Інфармуем, што пытаньні, выкладзеныя Вамі ў электронным паведамленьні, не ўваходзяць у кампэтэнцыю дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіраваньня і службовых асобаў Расейскай Фэдэрацыі», — адказалі Юліі Дуднікавай з Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.

Пра што маці Ягора напісала Пуціну

Юлія Дуднікава, якая жыве ў расейскім Саратаве, прасіла Ўладзіміра Пуціна не пакінуць сям’ю ў бядзе і дапамагчы. Яна расказала, што яе 20-гадовага сына затрымалі 5 траўня ў Менску. Ягору прад’яўляюць абвінавачаньне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі. — РС) за тое, што ён агучваў ролікі для апазыцыі.

«Мы з маім дзіцем ужо амаль два гады жывём асобна, таму я ня ведаю пра яго палітычныя погляды. Я ведаю толькі, што ён туды паехаў дзеля дзяўчыны, зь якой сустракаецца ўжо 5 гадоў. Ён проста закаханы хлапчук, які не разумеў, ува што ўмешваецца», — піша маці.

Юліі Дуднікавай і амбасадзе Расеі не паведамілі пра затрыманьне Ягора, а таксама пра месца яго знаходжаньня. Пасьля беспасьпяховых пошукаў сына цягам двух сутак маці выпадкова даведалася ад дзяжурнага адваката, што Ягор знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

«Я ня маю юрыдычнай адукацыі і не магу меркаваць аб ступені віны майго сына, тым больш не атрымліваючы ніякай афіцыйнай інфармацыі», — піша маці ў звароце.

Толькі праз два тыдні і з дапамогай амбасады РФ наняты Юліяй адвакат змог трапіць да Ягора ў СІЗА КДБ. Адвакат перадаў ад Ягора інфармацыю пра тое, што зь ім адбылося.

«Ня гледзячы на адсутнасьць супраціўленьня, яго вельмі моцна пабілі пры затрыманьні і псыхалягічна зь яго зьдзекаваліся (пагражалі яго здароўю і здароўю ягоных родных). Таксама пагражалі фізычнай расправай (абяцалі „закапаць як бульбу“ ў лесе, палохалі зброяй), а таксама не давалі хадзіць у туалет і спаць. Ад страху за сваё жыцьцё яму давялося на камэру прызнацца ва ўсім, нават у тым, чаго ён не рабіў», — паведаміла Юлія Дуднікава Ўладзіміру Пуціну.

Цяпер Ягор Дуднікаў знаходзіцца ў менскім СІЗА на Валадарскага. Паводле маці, яна практычна не атрымлівае ад сына лістоў і да яго ейныя лісты амаль не даходзяць.

«Пасьля апошняга візыту адваката да майго сына я дазналася пра яго дрэннае самаадчуваньне, пра адсутнасьць наведваньня лекараў, вельмі дрэнныя ўмовы ўтрыманьня, што выклікае велізарную трывогу за яго здароўе, — піша ў звароце да Пуціна маці. — А таксама вельмі турбуе доўгі разгляд ягонай справы, якая практычна ня рухаецца зь мёртвага пункту. Улічваючы стан здароўя майго сына і ўмовы ўтрыманьня, прашу Вас паспрыяць у дэпартацыі Ягора на радзіму або зьмене меры стрыманьня — пераводзе пад хатні арышт. Шчыра прашу Вас не пакінуць лёс майго сына па-за ўвагай, гэтаксама як вы не пакінулі без увагі сытуацыю зь іншымі затрыманымі ў Беларусі грамадзянамі Расеі».

Цяпер Юлія зьбіраецца зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі. Раней яна зьвярталася ў Сьледчы камітэт Беларусі з просьбай перавесьці сына на хатні арышт, але адказу адтуль пакуль няма. Таксама яна пісала да старшыні Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслава Валодзіна, упаўнаважанага ў правах чалавека РФ з просьбай аб дапамозе ў вызваленьні сына і вяртаньні яго на радзіму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG