Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стратэгічнай мэты з распрацаваным пакрокавым сцэнарам, каб зрынуць Лукашэнку, — такога ў Захаду няма», — Рудкоўскі


Палітоляг Пётар Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), ацэньвае «контрасанкцыі» афіцыйнага Менску, аналізуе, ці напалохае Эўразьвяз шантаж мігрантамі, і заяўляе, што ў адносінах Менску і Брусэлю пры гэтай уладзе разварот да нармалізацыі немагчымы.

Сьцісла:

  • Што тычыцца прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», то гэта даволі дзіўны крок.
  • Для Эўразьвязу рост мігрантаў на беларускай мяжы нават складана назваць праблемай, чыста тэхнічная рэч.
  • Зрабіць такі разварот, які адбыўся ў 2014 годзе, на нармалізацыю адносінаў — ужо немагчыма
  • Надта шмат недаверу, шмат мастоў спалена, шмат чырвоных лініяў пяройдзена.
  • У эўрачыноўнікаў няма дакладнай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, яны дзейнічаюць сытуацыйна.

— Гэтак званыя «контрасанкцыі» афіцыйнага Менску — ці можна сказаць, што ўлады Беларусі пазбаўляюцца ад таго, што і так ужо асабліва не працавала («Усходняе партнэрства»), ці яны сапраўды падымаюць, павялічваюць узровень канфрантацыі з Захадам?

Пётар Рудкоўскі
Пётар Рудкоўскі

— Некаторыя кропкавыя санкцыі Менску маюць чыста сымбалічнае значэньне — напрыклад, забарона пэўным людзям прыяжджаць у Беларусь.

Што тычыцца прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», то гэта даволі дзіўны крок. Рэч у тым, што Беларусь была атрымальнікам, бэнэфіцыярам у гэтым праекце, як і 5 іншых постсавецкіх краін-удзельніц. Па шэрагу кірункаў — удасканальваньне сыстэмаў кіраваньня, энэргетычная бясьпека, эканамічная інтэграцыя — бэнэфіцыярам гэтых праектаў былі самі ўлады, а не грамадзянская супольнасьць. Сам беларускі рэжым, беларускія ўладныя структуры мелі тут ад Эўропы фінансавую дапамогу. І цяпер яны ад гэтага добраахвотна адмаўляюцца.

— Экспэрты адзначаюць, што сапраўды Менск мала чым можа нашкодзіць «у адказ» Эўразьвязу, і ці не адзіная сфэра, дзе Беларусь можа стварыць нейкія праблемы, — гэта міграцыйная. Наколькі сур’ёзны маштаб тых праблемаў, якія можа ўтварыць Менск?

— Маштаб вельмі невялікі. Эўразьвязу дастаткова выдаткаваць некалькі дзясяткаў мільёнаў эўра, каб удасканаліць інфраструктуру на беларускай мяжы, каб дадаць пэрсаналу, каб фінансаваць лягеры ўцекачоў. У параўнаньні з тым, што робіцца на паўднёвых межах Эўразьвязу — гэта сапраўды дробязь.

Натуральна, эўрапейцы звыклі да канструктыўнага фармату супрацоўніцтва зь беларускімі памежнікамі, і цяпер новыя ўмовы прынясуць часова трохі галаўнога болю. Эўразьвяз гадамі даваў Беларусі грошы на памежную інфраструктуру, і раптам Менск кажа, што перастае выконваць свае абавязкі. Але, паўтаруся, для Эўразьвязу гэта нават складана назваць праблемай, чыста тэхнічная рэч.

— У цэлым «контрасанкцыі» Менску палягаюць у дзьвюх плашчынях: па-першае, спыняць супрацоўніцтва з Эўропай, па-другое, «бамбіць Варонеж», то бок наносіць удар па ўласных грамадзянах праэўрапейскай скіраванасьці.

— Так, рэжым нярэдка робіць тое, што прыносіць шкоду ўласнаму насельніцтву. Адзін з пунктаў — лібэралізацыя візавага рэжыму, якая можа быць адмененая ў выніку вайны санкцыяў.

Трэба сказаць, што прыпыненьне ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» — гэта цудоўны ідэалягічны падарунак для Крамля, псыхалягічная сатысфакцыя Маскве.

— Нярэдка гучыць аргумэнт, што абмен санкцыямі паміж Менскам і Захадам грае толькі на руку Маскве...

— Калі незалежнасьць краіны завязаная на аўтакратычным кіраўніку, то можна чакаць, што і эканоміка, і замежная палітыка моцна залежаць ад інстынкту самазахаваньня гэтага кіраўніка. На Захадзе ўсё больш разумеюць, што падтрымліваць такога кіраўніка (нібыта каб пазьбегнуць большай залежнасьці ад Расеі) — гэта ня выйсьце. У любы момант ён можа здаць рэшткі незалежнасьці. Але відавочна, што ўплыў Расеі павялічваецца ў такой сытуацыі.

— Некаторыя аглядальнікі лічаць, што праз пэўны час Лукашэнка, калі застанецца ва ўладзе, усё роўна пачне зноў наладжваць адносіны з Эўропай, каб падтрымліваць славутую «шматвэктарнасьць». І ў такім варыянце якім будзе адказ Захаду? Ці працягне ён руку Лукашэнку, ці ён вывучыў урокі 2011–2015 гадоў і разумее, што цяпер ужо варта дабівацца ягонага сыходу, а ня зьмены ягоных паводзінаў?

— Вядома, Эўразьвяз вымушаны будзе адказваць, і Лукашэнка зноў будзе гуляць з гэтай гуманітарнай картай, вызваленьнем палітвязьняў. Ніяк не рэагаваць на нейкія пазытыўныя крокі Менску Брусэль ня зможа. Але зрабіць такі разварот, які адбыўся ў 2014 годзе, на нармалізацыю адносінаў — гэта, на маю думку, ужо немагчыма. Надта шмат недаверу, шмат мастоў спалена, шмат чырвоных лініяў пяройдзена.

— Усё ж якая, на вашу думку, цяпер стратэгічная палітыка Брусэлю ў дачыненьні да беларускіх уладаў? Спрыяць таму, каб паводзіны гэтых уладаў зьмяніліся ў лепшы бок, каб спыніліся рэпрэсіі? Ці мэта палітыкі Эўразьвязу — сыход гэтай улады, бо зь ёй усё роўна немагчыма дамаўляцца?

— З маіх назіраньняў вынікае, што ў эўрачыноўнікаў няма дакладнай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, яны дзейнічаюць сытуацыйна. Беларусь раней ніколі не была асаблівым прыярытэтам для Эўразьвязу ў параўнаньні з Украінай, Блізкім Усходам. Беспрэцэдэнтны гвалт з боку рэжыму да грамадзянаў Беларусі, авантура з самалётам проста прымусілі Эўразьвяз рэагаваць больш востра. Але я перакананы, што стратэгічнай мэты з распрацаваным пакрокавым сцэнарам, каб зрынуць Лукашэнку — такога няма.

У свой час у Эўразьвязу значна большая рашучасьць была ў выпадку з Вэнэсуэлай. Гэты выпадак, а таксама ранейшыя кейсы з «арабскай вясной» таксама ўплываюць на настроі эўрапейскіх палітыкаў — бо там шмат чаго не спрацавала. І таму яны імкнуцца не рабіць нейкай адзінай стратэгічнай мэтай зьмену рэжыму. Бо ёсьць наступствы, якія прымушаюць іх задумацца і паводзіць сябе больш абачліва — грамадзянская вайна, рэгіянальны збройны канфлікт.

Што адбылося напярэдадні:

  • 28 чэрвеня МЗС Беларусі выклікаў кіраўніка Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску Дырка Шубэля і выступіў з заявай «у сувязі з уведзенымі Эўрапейскім Зьвязам беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі захадамі ў дачыненьні да Беларусі».
  • У адказ на эўрапейскія санкцыі МЗС Беларусі заявіў пра некалькі крокаў:
  • Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства».
  • Беларусь пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.
  • Апрача таго, Беларусь забараніла ўезд у краіну прадстаўнікам эўрапейскіх структур і асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцый.
  • МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG