Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень ахвяраў катаваньняў


Катаваньні на Акрэсьціна, жнівень 2020
Катаваньні на Акрэсьціна, жнівень 2020

Падзеі 26 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

26 чэрвеня 1897 году нарадзіўся Лявон Савёнак, журналіст, пісьменьнік, палітвысланец, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША.

У вёсцы Вялец на Глыбоччыне яшчэ зусім нядаўна — сьведчу гэта асабіста — стаяла 125-гадовая хата, дзе мой герой прыйшоў на сьвет. У Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, пасьведчаньне якой ён атрымаў у 1917-м, Лявон Савёнак вучыўся разам з будучымi дзеячамi нацыянальнага руху Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Пятром Мятлой, з паэтам Міхасём Чаротам.

На пачатку 1920-х Лявон пазнаёміўся ў Менску з настаўніцай Апалёніяй Радкевіч. Празь нейкі час у маладой сям’і зьявілася дачка, якой далі рэдкае імя — Зора. Ёй было наканавана зрабіцца вядомай усяму беларускаму сьвету навукоўкаю Зорай Кіпель.

У гады беларусізацыі Савёнак працаваў карэспандэнтам у газэце «Савецкая Беларусь». Паводле ўспамінаў супрацоўнікаў, атмасфэра ў рэдакцыі была мала падобнай да савецкай. Невыпадкова пазьней газэту, на старонках якой Лявон друкаваў свае вострыя рэпартажы й дасьціпныя фэльетоны, у даносах назавуць «утульным прыстанішчам беларускіх нацыяналістаў».

Ад лютага 1929-га малады нацдэм мусіў зарабляць на хлеб ужо не ў газэце, а на будоўлі. У тым самым годзе выйшла ягоная кніжка фэльетонаў «Чароўная іголка», падпісаная псэўданімам Леанід Свэн. Бібліятэкары каталягізавалі яе як выданьне швэдзкага аўтара, але сталінскія літаратуразнаўцы з вайсковымі званьнямі хутка разабраліся, і ўвесь трохтысячны наклад пайшоў пад нож. Дзіва што: карыстаючыся творчым мэтадам, які сучасны дасьледнік Лявон Юрэвіч называе фантастычным рэалізмам, гэты Свэн пісаў, да прыкладу, пра судовы працэс над канём, які завёз сьледчага ня ў тую вёску, дзе сьледчы, апрача ўсяго, напіўся ды згубіў «вельмі важныя справы».

У 1933-м Лявон апынуўся сярод мноства арыштаваных паводле справы «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Ён быў адным зь няпоўнага дзясятку вязьняў, якія так і не прызналі віны. Мо таму й «заробіў» усяго пяцігадовую высылку.

Па вайне Савёнак разам з паплечнікамі здолеў стварыць моцны беларускі цэнтар у лягеры для перамешчаных асобаў Остэргофэн у Нямеччыне. Менавіта там у 1947-м пачала выдавацца газэта «Бацькаўшчына» (Лявон быў першым яе карэктарам), якой належыць выключная роля ў гісторыі нашай дыяспары.

Пераехаўшы ў ЗША, ён супрацоўнічаў з газэтай «Беларус», друкаваўся пад псэўданімам Лявон Крывічанін, уваходзіў у камісію па перакладзе на беларускую мову Бібліі.

Адным зь ягоных найбліжэйшых сяброў быў аўтар музыкі да гімну «Магутны Божа» кампазытар Мікола Равенскі, зь якім яны ў свой час захоплена рыбалілі на Дунаі.

У 1990-я гады Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку выдаў кнігу Лявона Савёнка-Крывічаніна «Беларусізацыя пад №...».

Яго сатырычныя творы, прысьвечаныя змаганьню за беларушчыну, часам чытаюцца, нібыта напісаныя ўчора.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.302-303.

Таксама ў гэты дзень

Гэты дзень у гісторыі:

1759 — распачалася аблога горада Квэбэк ангельцамі падчас Сямігадовай вайны.

1863 — у Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы — орган кіраўніцтва паўстаньнем 1863–1864 гадоў, старшыня Якуб Гейштар, чальцы аддзелу — Кастусь Каліноўскі, Уладзіслаў Малахоўскі, Зыгмунт Чаховіч.

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года, карціна Пётры Сергіевіча
Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года, карціна Пётры Сергіевіча

1938 — адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР 1-га скліканьня.

1941 — супрацоўнікі НКВД расстралялі 5 тысячаў палітвязьняў, прыгнаных зь Менскай і іншых турмаў ва ўрочышча Цагельня каля сучаснага Чэрвеня.

1945— прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сярод іх была і БССР.

Штаб-кватэра ААН у Н'ю-Ёрку
Штаб-кватэра ААН у Н'ю-Ёрку

1975 — выйшаў у сьвет завяршальны тым 12-томнай Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.

1984 — уведзены ў эксплюатацыю ўчастак першай лініі (Маскоўскай) Менскага мэтрапалітэну.

У гэты дзень нарадзіліся

1908 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі.

1909 — Антон Адамовіч, беларускі літаратуразнаўца, гісторык, празаік, адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода», намесьнік Старшыні Рады БНР.

Антон Адамовіч
Антон Адамовіч

У паваенныя гады Адамовіч рэдагаваў эміграцыйныя выданьні, у тым ліку газэту «Бацькаўшчына» і часопісы «Сакавік» і «Конадні». Ён быў адным з кіраўнікоў Беларускай службы Радыё Свабода й стваральнікаў мюнхэнскага Інстытуту вывучэньня СССР. Найбольш значныя літаратуразнаўчыя і гістарычныя працы напісаныя ім у Нямеччыне і ЗША: «Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры», «Бальшавізм на шляхох устанаўленьня кантролю над Беларусьсю», «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі»...

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.452-453.

1926 — Мікалай Паўленка, беларускі мовазнаўца.

1941 — Уладзімер Куляшоў, беларускі актор, народны артыст Беларусі. На сцэне тэатру імя Якуба Коласа стварыў вобраз Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай п’есе Уладзімера Караткевіча.

1963 — Міхаіл Хадаркоўскі, расейскі прадпрымальнік і палітык.

У памяці

1941 — Зэлік Аксельрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Зэлік Аксэльрод
Зэлік Аксэльрод

2016 — Сяргей Картэс, беларускі кампазытар.

Сяргей Картэс
Сяргей Картэс

2018 — Алесь Зайка, беларускі краязнаўца.

Алесь Зайка
Алесь Зайка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG