Менск патрабуе, каб Масква прымусова дэпартавала беларусаў, якія ўцяклі ад палітычнага перасьледу, нават калі суд адмовіць у іх экстрадыцыі.
Расейскія юрысты зараз спрабуюць абараніць беларускіх уцекачоў. Праваабаронцы патрабуюць увесьці мараторый на экстрадыцыю і выдварэньне беларускіх грамадзян да таго часу, пакуль ня будзе дастатковых падстаў думаць, што палітычна матываваны гвалт у Беларусі спыніўся і што прававыя інстытуты перасталі быць прыладай рэпрэсій.
У Беларусі вядомаму спартоўцу і заслужанаму майстру спорту Аляксею Кудзіну закідаюць супраціў праваахоўным органам з ужываньнем гвалту. Яму пагражае да пяці гадоў калёніі.
Падчас пратэстаў у жніўні летась Кудзін адправіў у накаўт сілавікоў, якія спрабавалі яго затрымаць. Аляксей не зьявіўся на суд і быў аб’яўлены ў вышук. 21 студзеня яго затрымалі на тэрыторыі Маскоўскай вобласьці.
У сьнежні Кудзін запісаў відэа для спартовага каналу Аляксандра Люцікава, дзе падрабязна расказваў, што насамрэч 10 жніўня адбылося ў Маладэчне.
«Раптам пад’ехалі аўтазакі, зь іх выскачылі амапаўцы і з апантанымі крыкамі сталі біць людзей. Асабіста сам я бачыў, як яны зьбівалі шчытамі моладзь, што сядзела на лавачках, скідалі іх адтуль. Дзяўчыну выцялі па сьпіне дубінкай, яна ўпала на калені, яе падхапілі пад рукі і пацягнулі ў аўтазак, зьверства такое!
Нас было чалавек 15 у кампаніі. Мы ўбачылі, што на плошчы цывільныя стаяць на каленях, а над імі салдаты ў поўнай амуніцыі. Ужо пазьней я даведаўся, што гэта былі супрацоўнікі ўнутраных войскаў, якія базуюцца ў Бабруйску, і там яны ахоўваюць калёнію № 2. Вертухаі...
Пад’ехаў бусік з амапаўцамі ў чорнай форме, пачалося лясканьне шчытоў і біцьцё цывільных гамадзян... Мы нічога дрэннага не рабілі, проста стаялі. Сілавікі наблізіліся да мяне і сталі перада мной у баявой гатоўнасьці: пабяжыш — яны схопяць.
Многія вакол мяне паднялі рукі на знак таго, што яны здаюцца. Я нават зьбянтэжыўся. Я таксама падняў рукі і спытаў: «Хлопцы, і мяне біць будзеце?» Адзін зь іх пырснуў мне ў твар газам. Я адвярнуў твар і адчуў удар, адзін зь іх з-за шчыта ўдарыў мяне дубінкай па галаве. Я на аўтамаце (20 гадоў займаюся барацьбой) разьвярнуўся да яго, вырваў шчыт і тыльным бокам далоні ударыў яго пад шлем, аплявуху ў скулу. Накаўтаваў яго. І ў гэтую ж сэкунду адчуў яшчэ ўдар ад іншага сілавіка, у панцыры і чорных латах, без апазнавальных знакаў. Ён цяжкі ў сваім панцыры, яму больш часу трэба, каб замахнуцца, таму я нанёс яму смачны бакавы ў шкло, у яго лопнуў шлем.
Я хацеў уцячы, але нехта з хлопцаў штурхнуў падпалкоўніка ГУБАЗу, той упаў, падняўся і пайшоў на мяне. На што я ўдарыў яго тыльным бокам далоні (я ня біў кулакамі) і выбіў яму зуб і пашкодзіў дзясну. Я разьвярнуўся ўцякаць і зноў адчуў удар па шыі дубінай. А потым яшчэ адзін. І ён таксама паляцеў у аўт з майго левага бакавога. Гэта было падобна на тое, як сабакі заганяюць дзіка.
Агулам я нашкодзіў пяцярым. І мы сталі нарэшце ўцякаць. У мяне была спаласаваныя ўся сьпіна, каля васьмі такіх добрых удараў», — расказвае на відэа Аляксей Кудзін.
У Маладэчне, дзе жыве чэмпіён сьвету па кікбоксінгу, яго ўсё ведаюць, супрацоўнікі сілавых органаў у тым ліку. Яго сваяк быў начальнікам мясцовага РАУС. Тым больш нечаканым для яго было наступнае жорсткае затрыманьне:
«Раптам адчыняюцца дзьверы „ЎАЗіка“. Адтуль вылятае чорная граната мне пад бампэр. Я разумею, што яны зараз мяне акружаць, паваляць і з крыкам „Працуе СОБР!“ навядуць жаху. Я паклаў рукі на руль і сказаў: „Мужыкі, выходжу“.
І мне зноў прыляцела некалькі раз у галаву, асабліва ў скроневую косьць, у сківіцу, у скулу. Я баяўся, што яны шмальнуць зараз, потым я нічога не дакажу. І яны стрэлілі. Як я потым даведаўся, стралялі з „Рысі“, гэта такі вінчэстэр, у іх былі гумовыя кулі са сталёвымі стрыжнямі... Потым уся камэра ў крыві. Мяне кінулі ў „стакан“ у нашым РАУС. Некалькі разоў губляў прытомнасьць... Было страсеньне мозгу і закрытая ЧМТ. Пад раніцу мяне вырвалі з камэры, прымусілі нешта падпісаць, а я нават ня бачыў, што падпісваў. а там было напісана, што я прызнаю сябе вінаватым па артыкуле 364 КК РБ. Артыкул цяжкі, да шасьці гадоў пазбаўленьня волі».
Затым Аляксея Кудзіна этапавалі ў жодзінскую турму, дзе ён сустрэўся з адвакатам, і пачалося сьледзтва. Яму прад’явілі абвінавачаньне, і ён, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыезьдзе, уцёк зь Беларусі ў Расею.
Жонка спартоўца Тацяна Кудзіна апошні раз бачыла мужа 4 чэрвеня, калі адбыліся судовыя слуханьні яго справы ў Краснагорску:
«Так, я спэцыяльна езьдзіла ў Расею. Адвакат сказала, што спатканьня нам не дадуць і адзіная магчымасьць убачыць Лёшу будзе на судзе. Я, вядома, ёю скарысталася, каб убачыць яго і каб ён убачыў мяне. Да гэтага я бачыла яго 18 лістапада. Ён малайчына, адвакатка сказала, што ніколі б не падумала, што чалавек у яго становішчы можа захоўваць такую бадзёрасьць духу. Я ведаю Лёшу, ён ніколі ня падае духам. Я наогул ня памятаю за 14 гадоў жыцьця зь ім, каб такое было. Ён ведае, што ён мае рацыю, ён нічога дрэннага не зрабіў, ён не злачынца, саромецца яму няма чаго. Мы проста ведаем, што ўсё хутка скончыцца, гэта пытаньне часу. Трэба патрываць. У некаторых людзей вунь сыноў забіваюць... Мой муж здаровы і жывы, я ўжо гэтаму радая», — кажа жонка Аляксея Кудзіна.
Цалкам матэрыял Кацярыны Пракоф’евай, у тым ліку гутарку са спэцназаўцам францускага Замежнага легіёну беларускага паходжаньня Вадзімам Кырнялам, які зьняў фільм пра Кудзіна, і адвакаткай Аляксея Кудзіна Марыяй Красавай, якая змагаецца супраць выдачы спартоўца ў Беларусь, чытайце тут.