Паводле тэлеграм-каналу «МГЛУ за Свободу», Юры Стулаў супрацоўнічаў з навучальнай установай больш за 50 гадоў, у 1990-я быў прарэктарам. Апошнім часам загадваў катэдрай замежнай літаратуры. Сам выпускнік «ін’язу».
У верасьні мінулага году, калі ва ўнівэрсытэце пачалі затрымліваць актыўных студэнтаў, а потым і звальняць неабыякавых выкладчыкаў, Юры Стулаў актыўна стаў на іх абарону.
«Калі АМАП хапаў студэнтаў проста ва ўнівэрсытэце, як настаўнік можа гэта проста так прыняць? Людзі спрабуюць паказаць, што яны патрабуюць пераменаў, што яны ніякія не прастытуткі, а звычайныя людзі. Нічога не было пачута, на жаль. Беларусы — вельмі спакойны народ, вельмі цярплівы. У мяне доўга было жаданьне зьехаць у Маскву працаваць, але на пэўным этапе жыцьця я зразумеў, што ў Беларусі лепш. Зусім іншы мэнталітэт. І калі пачалі тысячамі затрымліваць, навошта? Што гэта мяняе? Толькі павялічвае колькасьць незадаволеных», — казаў ён у інтэрвію Свабодзе.
Летась у лістападзе Юры Стулаў разам зь іншай звольненай выкладчыцай унівэрсытэту Натальляй Дулінай далучыўся да Каардынацыйнай рады. Ён перакананы, што сытуацыя ў Беларусі абавязкова зьменіцца. Па яго словах, рэпрэсіі і ціск ня могуць працягвацца бясконца, а людзі знойдуць іншыя спосабы пратэсту.