Вользе Верамеенцы, гаспадыні горадзенскай крамы «Адметнасьць», дзе прадавалі тавары з нацыянальнай сымболікай, далі 2030 рублёў штрафу за нібыта ўдзел у мітынгу.
Выязны суд прайшоў у Ленінскім РАУС Горадні. На суд нікога не пусьцілі, апрача самой Верамеенкі і адвакаткі.
Гаспадыню крамы «Адметнасьць» абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу праз «дэманстрацыю прадукцыі з выявай бел-чырвона-белых сьцягоў і „Пагоні“ пад выглядам яе продажу ў краме» 3 чэрвеня.
Таксама Верамеенцы забаранілі прадаваць надалей прадукцыю ў белых і чырвоных колерах.
Яе затрымалі 3 чэрвеня і трое сутак пратрымалі ў ізалятары горадзенскай турмы, бо горадзенскі ІЧУ на рамонце. Пад вартай у яе здарыўся гіпэртанічны крыз, да яе выклікалі хуткую. Вользе не дазвалялі сядзець з 6:00 да 22:00.
Пасьля выхаду на волю гіпэртанічны крыз у яе паўтарыўся на наступны дзень дома.
Гаспадыня крамы сваю віну не прызнала. Крама часова не працуе.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.