Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой брат пацярпеў за праўду». У Лідзе асудзілі юрыста на тры гады калёніі


Ігар Пыж’янаў. Архіўнае фота.
Ігар Пыж’янаў. Архіўнае фота.

Суд у Лідзе прысудзіў Ігару Пыж’янаву тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі па 1 частцы 366 артыкула Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі).

Таксама ён павінен кампэнсаваць пацярпеламу маральную шкоду — 6000 рублёў. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Гаўрылаў у закрытым працэсе.

Брат асуджанага Леанід, які ўжо 25 гадоў жыве ў Ізраілі, лічыць, што прысуд ягонаму 49-гадоваму брату палітычна матываваны.

«Тры гады яму далі ні за што. Я нават не сумняваюся, што гэта палітычная справа, бо брат вельмі многім дапамагаў як высокакваліфікаваны юрыст, ён за праўду. Ён дапамагаў тым, каго незаконна зьбівалі і затрымлівалі, пісаў лісты, — кажа Леанід. — Ігар 32 дні трымаў галадоўку, да яго прыяжджала „хуткая“. Ён не прызнаў сваёй віны, хоць прасіў прабачэньня, калі некаму нанёс траўмы падчас незаконнага затрыманьня».

Ігар Пыж'янаў
Ігар Пыж'янаў

Ігар Пыжʼянаў працуе ў кампаніі «Белтэкс оптык» намесьнікам дырэктара па прававых пытаньнях. У яго дзьве юрыдычныя адукацыі. Раней працаваў у Лідзкім РАУС, адкуль сышоў у запас капітанам.

«Мой брат вельмі аўтарытэтны чалавек у Лідзе. Падчас выбараў ён быў назіральнікам і падаў скаргі аб парушэньнях», — кажа Леанід.

Ігара Пыжʼянава затрымалі 12 студзеня. Як гэта адбылося, расказаў брат.

«Прыйшоў сусед і сказаў брату, што ён павінен пераставіць аўтамабіль, які перашкаджае выезду. Калі ён выйшаў да аўто, да яго падышлі два супрацоўнікі, сказалі, што хочуць зь ім пагутарыць. Ён сеў у машыну, яны селі да яго ў машыну без дазволу. Той, які быў ззаду, паказаў „корачку“. Другі стаў яго зьневажаць, забіраць ключы, правакаваць. Мой брат на гэта ня клюнуў, пераставіў машыну разам зь імі. Потым ён зачыніў машыну, яны выйшлі, адзін з супрацоўнікаў пачаў яго зьневажаць. Мой брат спытаў: вы хочаце мяне арыштаваць? Яны кажуць, што не. Але адзін схапіў яго за руку, хацеў яе заламаць, і мой брат, каб вызваліцца, зрабіў яму падножку. Потым супрацоўнікі зьехалі, а брат павёз сына ў школу», — кажа Леанід.

У сямʼі Ігара Пыжʼянава трое дзяцей, адно хворае на цэрэбральны параліч.

«Потым брат накіраваўся на працу і сказаў, што паедзе ў Лідзкі аддзел КДБ. Там ён спытаў: у чым справа, чаму супрацоўнікі былі ў яго, якія прэтэнзіі? Яму сказалі: чакай. Ён там праседзеў амаль шэсьць гадзін. Яму сказалі, што ён затрыманы ў сувязі з тым, што аказаў супраціў. Яго адразу закрылі ў СІЗА і адвезьлі ў Горадню».

Паводле Леаніда, у пацярпелага Ліхарада не было ніякіх дакумэнтальных доказаў, што Ігар Пыжʼянаў нанёс яму цялесныя пашкоджаньні, зламаў нагу.

«Супраць брата сфабрыкавалі справу, — кажа Леанід. — Супрацоўніку КДБ Ліхараду не было нанесена ніякіх калецтваў, ён прыйшоў на першае ж пасяджэньне суду на дзьвюх сваіх нагах. Затрыманьне было справакаванай акцыяй, яго зьневажалі. Мой брат пацярпеў за праўду, таму што ён дапамагаў людзям, якія былі незаконна асуджаныя».

Леанід кажа, што мае ў Ізраілі сваю рок-групу і напісаў песьню «Белая-2020», прысьвечаную падзеям у Беларусі.

«Поўнае беззаконьне творыцца ў Беларусі, гэта ж і мая радзіма. Я таксама супраць таго, каб быў гвалт над народам, усё павінна быць па законе, як у нас у Ізраілі, — кажа Леанід. — Я супраць таго, што народ прымушаюць сілай рабіць тое, што ён ня хоча. Кожны чалавек вольны і можа выказаць сваю думку. Яго павінны выслухаць і ўсё рабіць па законе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG