Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя прафсаюзы просяць МАП экстрана адрэагаваць на абмежаваньне права на страйк у Беларусі


Заклік да страйку, архіўнае фота
Заклік да страйку, архіўнае фота

Выканаўчы камітэт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) 12 красавіка выступіў з заявай, у якой асудзіў прыняцьце ўхваленьне Палатай прадстаўнікоў паправак, якія абмяжоўваюць права на правядзеньне страйкаў.

2 красавіка дэпутаты прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмяненьні законаў», які тычыцца пытаньняў працоўных адносінаў. Дакумэнт прадугледжвае карэкціроўку Грамадзянска-працэсуальнага і Працоўнага кодэксаў, а таксама закону «Аб прамысловай бясьпецы».

Працоўны кодэкс прапануецца дапоўніць новымі падставамі скасаваньня працоўнай дамовы, мерай дысцыплінарнай адказнасьці і падставай для адхіленьня ад працы, нормамі аб забароне на вылучэньне пры правядзеньні страйку палітычных патрабаваньняў. Закон «Аб прамысловай бясьпецы» прапануецца дапоўніць абмежаваннем на ўдзел у страйках для работнікаў небясьпечных вытворчых аб’ектаў.

У БКДП лічаць, што пад пагрозай крымінальнага перасьледу ўводзіцца па сутнасьці забарона на правядзеньне страйкаў.

«Папраўкі ня толькі пазбаўляюць работнікаў аднаго зь дзейсных інструмэнтаў адстойваньня сваіх грамадзянскіх і працоўных правоў, але і груба парушаюць Канстытуцыю і ратыфікаваную Беларусьсю канвэнцыю № 87 Міжнароднай арганізацыі працы „Аб свабодзе асацыяцый“, якія гарантуюць ім права на страйк, — гаворыцца ў заяве. — Унясеньне Саўмінам і прыняцьце дэпутатамі паправак у заканадаўства, якое рэгулюе працоўныя адносіны без папярэдняга ўзгадненьня з наймальнікамі і прафсаюзамі, па сутнасьці ператвораны ў фікцыю дыялёгу».

Сябры выканкаму БКДП патрабуюць ад ураду неадкладна адклікаць законапраект, а ад Палаты прадстаўнікоў — адмяніць прынятае 2 красавіка рашэньне.

Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіраваў генэральнаму дырэктару Міжнароднай арганізацыі працы запыт на ініцыяваньне працэдуры, якая ўжываецца ў надзвычайных абставінах і патрабуе экстранай рэакцыі на сытуацыю з правамі працоўных у Беларусі.

Тым часам на плятформе Petitions.by
зьявілася пэтыцыя адносна магчымай дыскрымінацыі работнікаў, якія адбываюць адміністрацыйныя пакараньні, калі гэты законапраект набудзе сілу. Пад ёй ужо падпісаліся амаль 2500 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG