Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя партыі і прафсаюзы Беларусі заклікалі ўлады «спыніць палітычны тэрор»


Калегі зьняволенага лідэра партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука выказаліся ў ягоную абарону.
Калегі зьняволенага лідэра партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука выказаліся ў ягоную абарону.

Беларускія левыя палітычныя партыі, а таксама незалежныя прафсаюзы выказалі супольны пратэст у сувязі з арыштам на 15 сутак старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука.

«Прысуд Дзьмітрыю Кучуку палітычна матываваны і не грунтуецца на здаровым сэнсе. У сваім камэнтары для СМІ, які стаў прычынай адміністрацыйнай справы, ён не заклікаў да ўдзелу ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве 26 красавіка, а таму беспадстаўны перасьлед — гэта працяг ланцужка прававога нігілізму, які стаў асновай для ўтрыманьня ўлады дзейным рэжымам. Усё гэта не спрыяе выхаду з палітычнага крызісу, у які Беларусь увайшла пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году, а таксама фармаваньню станоўчага іміджу краіны, і падрывае яе аўтарытэт на міжнароднай арэне».

Пра гэта гаварыцца ў супольнай заяве, якую падпісалі старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі партыі «Зялёныя» Аляксей Чахоўскі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Падпісанты запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Дзьмітрыя Кучука, а таксама ўсіх іншых арыштаваных з палітычных матываў. Палітыкі заклікалі ўлады «спыніць палітычны тэрор супраць сваіх апанэнтаў і вярнуцца ў прававое рэчышча для вырашэньня ўсіх пытаньняў з пазыцыі закону».

Раней старшыня БКДП Аляксандар Ярашук падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзеньне мітынгу, прысьвечанага міжнароднаму дню салідарнасьці працоўных 1 траўня. Аднак атрымаў адмову на падставе «складанай эпідэмічнай сытуацыі ў краіне».

У гэтым зьвязку кіраўніцтва партыі левых «Справядлівы сьвет» заявіла, што ўлады Беларусі ўсяляк перашкаджаюць самаарганізацыі працоўных і намагаюцца сказіць палітычны сэнс Першамаю, ператварыўшы яго ў дадатковы выходны. Пры гэтым адначасова вядзецца шырокамаштабны наступ на правы і свабоды народу — прымаюцца ўсё новыя адыёзныя дэкрэты, законы і падзаконныя акты, якія ўскладняюць і без таго цяжкае існаваньне працоўнага люду, гаворыцца ў адмысловай заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG