4 чэрвеня беларускія памежнікі запатрабавалі ад літоўскіх дыпкур’ераў зьняць пячаткі і адчыніць машыну з поштай. Кур’еры вымушаныя былі вярнуцца ў Літву.
«Рэжым у Беларусі з кожным днём усё больш становіцца ізгоем. Нават самыя базавыя дыпляматычныя нормы, якія прымаюцца дыктатарамі ва ўсім сьвеце, Беларусьсю не выконваюцца», — цытуе сайт Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлебачаньня Тымэрманса, які ў дзень інцыдэнту знаходзіўся ў Вільні.
«Адзіны адказ на гэта — цьвёрдасьць. Мы павінны быць цьвёрдымі зь Беларусьсю, дакладна дзейнічаць у пытаньні санкцый, паказаць, што ў Эўропе такія паводзіны зусім недапушчальныя», — падкрэсьліў прадстаўнік Эўракамісіі.
Ён паведаміў, што Эўракамісія цалкам салідарная зь Літвой і яе ўрадам. Паводле слоў Тымэрманса, у сувязі з інцыдэнтам на мяжы ён знаходзіцца ў кантакце з эўракамісарам па ўнутраных справах Ільвай Юхансан (Швэцыя).
Раней Міністэрства замежных спраў Літвы выказала «рашучы пратэст у сувязі з беспрэцэдэнтным інцыдэнтам» на мяжы з Беларусьсю.
«Беларускія афіцыйныя асобы перашкаджалі праезду нашых дыпляматычных кур’ераў, што зьяўляецца сур’ёзным парушэньнем Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах, — заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. — Беларусь зноў прадэманстравала, што гэтая краіна падрывае ўсе правілы цывілізаванага сьвету. У цэнтры Эўропы бушуе дыктатура».
У МЗС Літвы быў выкліканы прадстаўнік пасольства Беларусі, якому ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з інцыдэнтам.
На тое, што адбылося, адрэагавала МЗС Латвіі, назваўшы здарэньне «яшчэ адным беспрэцэдэнтным захадам» беларускіх уладаў. «Рэжым Лукашэнкі стаў ізгоем, і міжнародная рэакцыя павінна быць рашучай, — гаварылася ў камэнтары латвійскага МЗС у „Твітэры“. — Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах павінна выконвацца. Наша поўная салідарнасьць з літоўскімі калегамі».