Палітыка павінны былі вызваліць сёньня ў 10.50 паводле пратаколу затрыманьня. Аднак дзяжурны ЦІП на Акрэсьціна паведаміў жонцы палітыка Сьвятлане, што ў турме яго няма, ён вызвалены. Каля турмы сустрэць Анатоля Лябедзьку прыйшлі родныя, сябры і калегі па партыі.
Апоўдні Лябедзька прыехаў дадому на таксоўцы. Высьветлілася, што яго вывезьлі на легкавіку ў Сьляпянку, паклаўшы тварам долу.
Лябедзька адзначыў, што палову свайго арышту правёў у камэры на дваіх, дзе знаходзіліся па 15-16 чалавек. Гаворачы пра сукамэрнікаў, якія былі ў яго за гэты час, ён «цешыцца, што ў Беларусі ёсьць такія людзі». Таксама Лябедзька сказаў, што сядзеў разам з журналістамі Алесем Сілічам, Арцёмам Маёравым і Аляксандрам Івуліным.
Перадачы Лябедзьку не перадавалі, як не аддалі і рэчы. Палітык раіць людзям не насіць перадачы вязьням, паколькі нікому іх зараз не перадаюць. А пісаць варта, хаця б дзеля таго, каб сыстэма даведалася, што ў грамадзтве вялікая салідарнасьць са зьняволенымі. Лябедзька перакананы, што палітычны рэжым, які чыніць падобныя расправы над беларусамі, не даможацца сваіх мэтаў зьнішчыць пратэсты, хаця б таму, што ніводзін зь ягоных сукамэрнікаў не пашкадаваў аб сваіх учынках і пазыцыі не зьмяніў.
Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў 30 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Яго затрымалі 14 траўня каля суду Кастрычніцкага раёну Менску. Там у гэты дзень пачаўся суд над групай студэнцкіх актывістаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі акцый пратэсту ў студэнцкім асяродзьдзі Менску пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 2020 году.