Пэнсіянэрку пасьля ператрусу забралі ў ІЧУ
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у Жабінцы на Берасьцейшчыне затрымалі 58-гадовую Ларысу Пагоцкую. У ейнай кватэры адбыўся ператрус, а саму пэнсіянэрку даставілі ў ІЧУ Берасьця.
Ларысу Пагоцкую прыцягвалі да адказнасьці паводле артыкулу 23.34. Жыхары Жабінкі лічаць, што сілавікі вырашылі паўторна пакараць усіх, хто быў заўважаны ў пратэстах са жніўня 2020 году.
Раней жабінкаўскія міліцыянты прыйшлі да 49-гадовай Натальлі Дырман з аграгарадка Хмелева і правялі ў яе ператрус, пасьля чаго затрымалі саму гаспадыню.
Натальля Дырман — вядомы ў рэгіёне чалавек, заснавальніца народнага калектыву гумару і песьні «Хмелеўскія валацугі». Прызнавалася «Чалавекам году» у галіне культуры на Берасьцейшчыне, маці траіх дзяцей.
Экс-памочніка пракурора Першамайскага раёну Менску Яўгена Бабака арыштавалі на 15 сутак
Яго затрымалі 10 чэрвеня. Сёньня яго судзілі за «пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня на бальконе бел-чырвона-белага сьцяга», паведаміў тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».
Паводле Яўгена, сьцяг ён знайшоў 6 кастрычніка, а 10 чэрвеня вырашыў вывесіць яго ў знак пратэсту супраць гвалту. Згодна з рапартам, гэта заўважылі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і прыйшлі дадому да Бабака, каб забраць сьцяг. Бабак сказаў на судзе, што ня бачыць сэнсу ў допыце сьведак-міліцыянтаў. Судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Мотыль арыштавала яго на 15 сутак.
10 чэрвеня МУС афіцыйна паведаміла, што Яўген Бабак «актыўна распаўсюджваў інфармацыю з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» і што «высьвятляюцца іншыя падрабязнасьці супрацьпраўнай дзейнасьці Бабака». Тадысама на канале «Азарёнок. СТВ» зьявілася відэа, дзе Бабак прызнаецца ва ўдзеле ў ByPol і пляне «Перамога». ByPol заявіла, што Бабака пабілі і ён сябе абгаварыў.