Пра гэта паведаміў сайт парафіі. Дакладная сума — 705 836.
У касьцёле тым часам зрабілі аварыйны дах, дажджавая вада сьцякае на вуліцу па трубах.
Пажар у будслаўскім касьцёле здарыўся 11 траўня. Абваліўся дах храма, але абраз Маці Божай Будслаўскай, Сьвятыя Дары i iншую маёмасьць пасьпелі вынесьці.
У той жа дзень Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі зьвярнулася да людзей па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленьне касьцёла, былі адкрытыя спэцыяльныя рахункі.
Першарадныя аднаўленчыя работы ў храме пачаліся 12 траўня, на наступны дзень пасьля пажару. 25 траўня ў касьцёле пачалі ставіць часовы дах.
На прэсавай канфэрэнцыі 26 траўня старшыня касьцёльнай камісіі ў аднаўленьні храма біскуп Аляксандар Яшэўскі паведаміў, што сабраныя грошы (на той момант каля 490 тысяч рублёў) дазволілі заключыць дамовы з арганізацыямі, якія праводзяць экспэртызу ў пацярпелым санктуарыі, распрацаваць праект яго аднаўленьня і ўстанавіць часовы дах.
Тым ня менш, сказаў ён, сабраных сродкаў недастаткова, таму апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец зьвярнуўся да ўладаў з просьбай аб фінансавай дапамозе.
Аляксандар Лукашэнка 14 траўня даручыў дапамагчы ў аднаўленьні будслаўскага касьцёла, пры гэтым нэгатыўна адгукнуўшыся аб самастойным зборы сродкаў грамадзянамі. «Ня трэба тут сьпяшацца, нават адмыслоўцы кажуць, — заявіў ён. — Безь дзяржавы яны ні чорта ня зробяць усё роўна. Але гэтыя ж „неверагодныя“ зноў кажуць, што грошы зьбяром. Ні чорта яны не зьбяруць. Яны проста людзям абвесьцяць і ў людзей забяруць грошы, і падзеляць у Польшчы. Таму, калі хто-небудзь хоча дапамагчы аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (няхай яны адкрыюць рахунак), і хай людзі туды ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу».
На гэтыя рахункі, сказаў Лукашэнка, «кожны чалавек колькі зможа, калі ён захоча, ён туды перадасьць грошы». «Але таксама асабліва ня трэба там... Я ня думаю, што там шалёныя аб’ёмы работ будуць. Дах адновім, унутры прывядзём у парадак», — заявіў Лукашэнка.
17 траўня сытуацыю вакол пацярпелага касьцёла абмеркавалі апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік.