Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы простымі словамі растлумачым, чаму абвінавачаньне беспадстаўнае». У судзе над Бабарыкам рыхтуюцца да спрэчак


Віктар Бабарыка ў судзе, 17 лютага 2021
Віктар Бабарыка ў судзе, 17 лютага 2021

У судзе па справе «Белгазпрамбанку», адзін зь фігурантаў якой — палітвязень Віктар Бабарыка, абвешчаны перапынак да 21 чэрвеня.

Сёньня скончылася судовае сьледзтва, на падрыхтоўку да спрэчак суд даў больш за тыдзень. Чакаецца, што з апошнім словам у судзе выступіць Віктар Бабарыка. У спрэчках сваю пазыцыю прадставіць абарона.

«Гэтае абвінавачаньне, якое зачытвалі шмат дзён, мы яго проста перакладзем на чалавечую мову і простымі словамі растлумачым, пра што яно і чаму яно ня мае падстаў пад сабой, — кажа адвакат Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі. — Працэсуальна гэта першая, адзіная і самая грунтоўная магчымасьць для таго, каб гэта зрабіць».

Калі ня будзе штучных перашкодаў, то абаронцы плянуюць падчас перапынку сустрэцца зь Віктарам Бабарыкам у СІЗА КДБ, «хоць гэта было і застаецца вельмі складаным».

«У СІЗА КДБ фактычна за адзін працоўны дзень могуць трапіць да сваіх падабаронных 4–5 адвакатаў. І гэта пры ўмове, што кожны будзе размаўляць ня больш за 1,5–2 гадзіны. Як правіла, гэтага часу недастаткова, каб выпрацоўваць сумесную пазыцыю. Падчас сьледзтва гэта патрабавала вялікіх намаганьняў», — кажа адвакат.

Абароне не дазволілі рабіць копіі матэрыялаў справы, якая мае 122 тамы, а дазволілі толькі рабіць выпіскі.

«Нягледзячы на гэта, для абгрунтаваньня пазыцыі ў нас ужо абсалютна дастаткова інфармацыі. Проста дачакайцеся 21 чэрвеня».

Не задаволены шэраг хадайніцтваў абароны

Суд сёньня адмовіўся задаволіць шэраг хадайніцтваў абароны, у тым ліку — пра зьмену меры стрыманьня на хатні арышт, пра адмену арышту маёмасьці Віктара Бабарыкі, пра выклік у суд у якасьці сьведак двух грамадзян Латвіі.

«Канечне, мы ня можам пагадзіцца з тым, што хадайніцтвы не задаволеныя. Былі падставы для таго, каб зьмяніць меру стрыманьня і адмяніць арышт на маёмасьць», — кажа адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Зьмяніць меру стрыманьня абарона прасіла суд ужо трэці раз. Раней пракуратура пярэчыла, маўляў, не прыйшоў час разглядаць гэтае пытаньне, бо дасьледаваныя ня ўсе доказы.

«То цяпер усе доказы дасьледаваныя, якія яны хацелі і маглі прапанаваць суду. Але суд сказаў, што ў хадайніцтве адмоўлена, а прычыну не назваў. Калі мы абгрунтавалі пытаньне, то нам павінны былі абгрунтаваць і адмову. Але гэтага не было», — кажа Дзьмітры Лаеўскі.

Адвакат Дзьмітры Лаеўскі таксама трэці раз заявіў хадайніцтва, каб у судзе дапыталі ў якасьці сьведак грамадзян Латвіі Аляксандра Растоўса і Аляксея Сьцяпанаўса, якія згадваюцца ў абвінавачаньні як кіраўнікі нібыта падкантрольных Бабарыку замежных кампаній. Падчас судовага сьледзтва гэтых сьведак не дапыталі. Суд сёньня зноў адхіліў хадайніцтва абароны.

«Даволі вялікі аб’ём абвінавачаньня завязаны на гэтых грамадзянах Латвіі. А рэальна ніхто не спрабаваў іх выклікаць ні падчас сьледзтва, ні падчас суду, ні сьледчыя, ні пракуратура, ні суд», — сказаў адвакат.

Выклікаць сьведак можна наўпрост паводле міжнароднай дамовы.

Што яшчэ прадставіла абарона

Суд задаволіў хадайніцтва абароны і далучыў да матэрыялаў справы дакумэнты, якія тычацца латвійскай кампаніі, якая нібыта, з гледзішча абвінавачваньня, зьяўляецца кампаніяй Віктара Бабарыкі. Гэтыя матэрыялы якраз зьняпраўджваюць такую аргумэнтацыю абвінавачваньня.

«Там канкрэтна бачна, што латвійская кампанія мела заснавальнікам амэрыканскую кампанію. І пра сувязь гэтай амэрыканскай кампаніі ні зь Віктарам Бабарыкам, ні з кімсьці іншым ніколі ў працэсе не гучала, — кажа Дзьмітры Лаеўскі. — Гэтыя дакумэнты, якія мы далучылі, ня маюць аналягаў».

Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, абарона здабыла дакумэнты ў арыгінале са штампамі і подпісамі службовых асобаў Латвіі.

«Мы аддаём іх суду, а пракурор кажа: а можа, вы гэтыя дакумэнты на вуліцы знайшлі. А пры гэтым бок абвінавачваньня спасылаецца на нейкія дакумэнты ў матэрыялах справы, на якіх няма ніводнага подпісу, ніводнай пячаткі. Гэта адзін прыклад таго, што адбываецца нешта па-за межамі разуменьня ў звычайнага, здаровага чалавека. Для Бабарыкі як высокаадукаванага і высокакультурнага чалавека гэта дзіка і дзіўна. Але ў яго яшчэ ёсьць пачуцьцё гумару, і яно ратуе».

У чым вінавацяць Бабарыку?

17 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну Вярхоўны суд пачаў разгляд крымінальнай справы «Белгазпрамбанку», адзін зь фігурантаў якой — палітвязень, былы прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты Віктар Бабарыка.

Экс-банкіру інкрымінуюць атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры, арганізаванай групай, а таксама «адмываньне» даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК).

Абвінавачанымі па справе таксама праходзяць шэсьць топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» і кіраўнік ТАА «Актыўлізінг».

Усе абвінавачаныя, акрамя Бабарыкі, прызналі віну ў поўным абʼёме.

  • Справу «Белгазпрамбанку» пачалі 11 чэрвеня 2020 году, калі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК правялі ператрус у офісе банку і затрымалі некалькі яго работнікаў.
  • 18 чэрвеня, амаль за два месяцы да выбараў, Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам арыштавалі, калі Бабарыка вёз у ЦВК подпісы за свае вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 21 студзеня Генпракуратура Беларусі перадала справу супраць Бабарыкі ў Вярхоўны суд краіны.
  • Разгляд справы ў Вярхоўным судзе азначае, што абскардзіць прысуд Віктар Бабарыка ня зможа.
  • Адразу пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Экс-банкір лічыць свой перасьлед палітычна матываваным.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG