Пісьменьнік Дзмітрый Быкаў мог быць атручаны супрацоўнікамі ФСБ падчас сваёй паездкі ў Новасібірск ў 2019 годзе. Такія сьцьвярджэньні ўтрымліваюцца ў сумесным расьсьледаваньні дасьледчай групы Bellingcat і расейскага выданьня The Insider.
17 красавіка 2019 года Быкаў быў шпіталізаваны ва Ўфе, яму стала дрэнна яшчэ ў аэрапорце Новасібірску, адкуль ён вылятаў. Сымптомы, зь якімі ён быў шпіталізаваны, нагадваюць сымптомы атручваньня фосфарарганічнымі рэчывамі, пішуць сьледчыя. Рэчывам з гэтай групы — атрутай «Навічок» — пазьней быў атручаны і Навальны.
Як высьветлілі сьледчыя, сачэньне за Быкавым пачалося як мінімум за год да яго атручваньня. У ім бралі ўдзел меркаваныя супрацоўнікі Інстытуту крыміналістыкі ФСБ і падразьдзяленьня ведамства — Службы па абароне канстытуцыйнага ладу.
У прыватнасьці, гэта былі Ўладзімір Паняеў і Валерый Сухараў, які карыстаўся пашпартам на імя Мікалай Гарохаў. Іх паездкі па краіне супадалі з рэгіянальнымі паездкамі пісьменьніка.
Навіна будзе дапоўнена.