Кальцавая разьвязка, якую прапанавалі назваць ў імя «Свабоднай Беларусі», гэта месца перасячэньня паўднёвай кальцавой Варшавы і вуліцы Пулаўскай.
Прэсавы сакратар Цэнтру Беларускай Салідарнасьці Антон Жукаў паведаміў, што ідэя зьявілася пасьля трагічных падзеяў у Менску, калі забілі Рамана Бандарэнку, і Цэнтар пачаў зьбіраць подпісы, каб увекавечыць яго памяць у Варшаве, паведамляе Польскае радыё.
Аднак, паводле польскага заканадаўства, наданьне імёнаў людзей вуліцам магчымае толькі пасьля пяці гадоў з моманту сьмерці чалавека. У сувязі з гэтым арганізацыя перапрацавала ідэю і цяпер хоча дамагчыся наданьня адной з кругавых варшаўскіх разьвязак імя «Вольнай Беларусі».
Старшыня партыі Polska 2050 Міхал Кабоска лічыць, што Варшаве патрэбна такое месца.
«Мы ў Польшчы на працягу 32 гадоў карыстаемся дасягненьнямі дэмакратычнага ладу, які, на жаль, дагэтуль недасяжны для беларусаў. Наш абавязак, наша павіннасьць як народу, заключаецца ў тым, каб дапамагчы беларусам дайсьці да свабоды».
Аднак, на думку палітыка, урад Польшчы павінен прадпрымаць у дачыненьні да Беларусі таксама практычныя, а не выключна сымбалічныя дзеяньні.
«У нас у Польшчы шмат беларусаў. Мы павінны стварыць у Польшчы месца, дзе ім будзе лягчэй, чым дагэтуль, легалізавацца, каб лепш функцыянавалі Управы ў справах іншаземцаў, бо цяпер яны працуюць павольна, час разгляду заяў на атрыманьне віду на жыхарства вельмі расьцягваецца», — заявіў ён.
Міхал Кабоска заявіў, што ўсе згаданыя прапановы прадставяць прэм’ер-міністру Польшчы ў Сэнаце 10 чэрвеня. Адным з пунктаў заплянаванага пасяджэньня будзе справаздача прэм’ера аб дзеяньнях ураду па сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку рэакцыя на рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць польскай меншасьці.