Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі ўнівэрсытэт пазбавіў Лукашэнку званьня ганаровага доктара


Галоўны будынак Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі.
Галоўны будынак Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі.

Навуковая рада Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі пазбавіла Аляксандра Лукашэнку званьня ганаровага доктара. Рашэньне ініцыяваў новы рэктар Уладзімір Бугроў.

Пазбаўленньне ганаровага званьня Кіеўскага нацыянальнага унівэрсытэту адбылося ўпершыню ў ягонай гісторыі. Перад ухваленьнем рашэньня аб пазбаўленьні Лукашэнкі званьня, сябры Навуковай рады ўхвалілі дакумэнт аб працэдуры пазбаўленьня ганаровага званьня.

«Прычынай такога рашэньня стала тое, што колішні прэзыдэнт Беларусі, а цяпер — самаабвешчаны кіраўнік гэтай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка за апошнія два гады разгарнуў маштабную хвалю тэрору супраць апазыцыі, рэгулярна загадвае катаваць тысячы сваіх суграмадзян, ажыцьцяўляе акты „паветранага тэрарызму“, публічна пагарджае тэрытарыяльнай цэласнасьцю Ўкраіны, дазваляе сабе абуральныя выказваньні ў адрас нашай дзяржавы і яе кіраўніцтва», — адзначаецца ў афіцыйным камэнтары, разьмешчаным на афіцыйным сайце Кіеўскага унівэрсытэту.

Пытаньне аб пазбаўленьні Аляксандра Лукашэнкі ганаровага званьня вырашалася таемным галасаваньнем, у выніку якога 55 сябраў Навукова Рады падтрымала гэтае рашэньне.

У паведамленьні асобна падкрэсьлілі, што «такое рашэньне ў дачыненьні да Лукашэнкі не зьяўляецца праявай непавагі да беларускага народу, зь якім нас (Украіну — РС) працягваюць аб’ядноўваць добрасуседзкія адносіны».

У траўні, пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair і затрыманьнем Рамана Пратасевіча, рэктар Кіеўскага ўнівэрсытэту заклікаў чальцоў навуковай рады тэрмінова пазбавіць Аляксандра Лукашэнку званьня ганаровага доктара.

Рэктар Уладзімір Бугроў
Рэктар Уладзімір Бугроў

Летась, пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, з аналягічнай ініцыятывай выступілі выпускнікі Кіеўскага ўнівэрсытэту. Але тады навучальную ўстанову ачольваў акадэмік Леанід Губерскі, які ўручаў Лукашэнку дыплём, мантыю і ганаровы знак. Гэта адбылося 5 лістапада 2009 году, у часе візыту Лукашэнкі ў Кіеў.

Сёлета ў Кіеўскім унівэрсытэце адбыліся выбары рэктара, у якіх Леанід Губерскі ня ўдзельнічаў, а пераможцам стаў Уладзімір Бугроў.

На сёньняшні дзень званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі маюць 99 асобаў, у тым ліку колішнія кіраўнікі Казахстану, Грузіі, Таджыкістану, Азэрбайджану, Узбэкістану і шэрагу эўрапейскіх краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG