Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна едзе на ЧЭ ў форме з сылюэтам Крыму і дэвізам «Героям слава!»


Зборная Ўкраіны ў футболе, 2020
Зборная Ўкраіны ў футболе, 2020

Зборная Украіны выступіць на сёлетнім чэмпіянаце Эўропы ў футболе ў форме, на якой намаляваная карта Ўкраіны з Крымам, і з нанесеным на сьпіне надпісам «Слава Ўкраіне!», а зьнізу — надпісам «Героям слава!».

Новую форму прэзэнтаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку кіраўнік Украінскай асацыяцыі футболу Андрэй Павёлка.

Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава назвала прэзэнтацыю формы «чарговай спробай дзяржаўнай кіеўскай прапаганды замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці лёзунг, які ў многіх асацыюецца з Украінскай паўстанцкай арміяй, Сьцяпанам Бандэрам і іх злачынствамі ў гады Другой сусьветнай вайны». Захарава нагадала, што дзейнасьць УПА забароненая ў Расеі рашэньнем Вярхоўнага суду ад 17 лістапада 2014 году. Самі лёзунгі «Слава Ўкраіне!» і «Героям Слава!» яна назвала «калькай зь вядомага нямецкага нацыянал-сацыялістычнага прывітаньня».

У Эўрапейскай асацыяцыі футболу (UEFA), пад эгідай якой пройдзе першынство кантынэнту, пакуль не камэнтавалі форму, у якой Украіна зьбіраецца выступіць на турніры.

У 2018 годзе Міжнародная фэдэрацыя футболу (FIFA) аштрафавала на 15 тысяч швэйцарскіх франкаў скаўта зборнай Харватыі Огнена Вукоевіча і вынесла папярэджаньне абаронцу харватаў Дамагою Віду за ролік, выкладзены імі ў інстаграм пасьля перамогі над Расеяй у чвэрцьфінале чэмпіянату сьвету ў футболе. На відэа Вукоевіч прысьвячае перамогу Ўкраіне, а Віда прамаўляе фразу «Слава Ўкраіне!». У FIFA палічылі гэта палітычнымі заявамі, якія забароненыя рэглямэнтам арганізацыі — нягледзячы на тое, што ў мінулым абодва харваты выступалі за кіеўскае «Дынама».

Чэмпіянат Эўропы ў футболе, які мусіў адбыцца летась але быў перанесены ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, пройдзе ад 11 чэрвеня да 11 ліпеня ў адзінаццаці эўрапейскіх гарадах, у тым ліку Санкт-Пецярбургу. На папярэднім этапе зборная Ўкраіны згуляе ў Амстэрдаме супраць зборнай Нідэрляндаў, а таксама ў Бухарэсьце супраць Аўстрыі і Паўночнай Македоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG