Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы, афрыканцы і амэрыканцы. Чые самалёты зараз лятаюць над Беларусьсю


З 4 чэрвеня Агенцтва бясьпекі палётаў Эўразьвязу EASA спыніла палёты эўрапейскіх авіякампаній над Беларусьсю.

Заява Агенцтва EASA была апублікаваная 2 чэрвеня. Яна патрабуе ад нацыянальных апэратараў паветранага руху краін — сяброў Эўразьвязу забараніць сваім перавозчыкам выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі. Моц дакумэнт набывае цягам двух дзён. Пераглядаць сваю пазыцыю ў Агенцтве абяцаюць кожны месяц «па меры неабходнасьці». Канкрэтнага пераліку абставінаў, пры якіх забарона на палёты ў беларускай паветранай прасторы будзе адмененая, у дакумэнце няма.

За два тыдні колькасьць палётаў над Беларусьсю зьнізілася на 40%

Вялікая колькасьць авіякампаній і краін забараніла палёты над Беларусьсю, не чакаючы рашэньня цэнтральнага агенцтва. Паводле апублікаванага 4 чэрвеня паведамленьня расейскага інфармагенцтва «РИА Новости», за два тыдні, што прайшлі з моманту пасадкі самалёта Ryanair у Менску, колькасьць рэйсаў над Беларусьсю скарацілася на 40%. Цяпер над Беларусьсю штодня пралятае каля 250 самалётаў. Да інцыдэнту з лайнэрам ірляндзкай авіякампаніі было звыш 400.

Хто яшчэ лятае

Палёты авіякампаній, якія, нягледзячы на забароны, працягваюць выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі, можна адсачыць на сэрвісе flightradar24.com. Ён паказвае ў рэжыме рэальнага часу палёты абсалютнай большасьці цывільных паветраных суднаў. Паводле сэрвісу, ад пачатку чэрвеня над Беларусьсю адначасова бывае ад 2 да 10 лайнэраў. Да выпадку з самалётам Ryanair іх магло быць удвая больш. У даковідныя часы над Беларусьсю адначасова ўдзень магло знаходзіцца нават 25–30 самалётаў.

Пасажырскія рэйсы

Большасьць самалётаў, якія працягваюць выконваць рэйсы ў Беларусь і над Беларусьсю, належаць расейскім авіякампаніям. У іх можа быць розная рэгістрацыя, у тым ліку ў афшорных зонах накшталт Бэрмудзкіх астравоў, але яны афарбаваныя ў колеры «Аэрофлоту», «Уральскіх авіяліній» альбо расейскага лоўкостэра «Победа».

Адзін з самых папулярных у расейцаў рэйсаў — з Масквы ў Калінінград. Траса туды ляжыць над Віцебшчынай. Над Беларусьсю адначасова знаходзіцца, як правіла, адзін ці нават некалькі расейскіх лайнэраў, якія абслугоўваюць гэты маршрут. «Белавія» ў Калінінград зь Менску праз забарону літоўцаў больш не лятае, і яе месца пачынаюць займаць расейскія канкурэнты.

Лятаюць расейскія перавозчыкі транзытам празь Беларусь і ў Эўропу. Абмежаваньняў «Аэрофлоту» і іншым авіякампаніям EASA не выстаўляла, таму яны могуць лятаць празь Беларусь з Масквы ў Мілян, Вену, Барсэлёну і іншыя гарады. Эўрапейскія перавозчыкі на тых жа маршрутах аблятаюць Беларусь празь Літву альбо Ўкраіну. Гэта робіць палёты даўжэйшымі і даражэйшымі.

Ня дзейнічае забарона на палёты і на кітайскіх пасажырскіх перавозчыкаў. Над Беларусьсю некалькі разоў на дзень можна пабачыць лайнэры авіякампаніі Air China, яны выконваюць далёкія рэйсы паміж буйнымі гарадамі Кітаю і эўрапейскімі сталіцамі.

Акрамя расейскіх і кітайскіх пасажырскіх лайнэраў, над Беларусьсю працягваюць палёты чартэры «Белавія» на курорты Турэччыны і Эгіпту, а таксама тыя рэгулярныя рэйсы, якія беларускі перавозчык яшчэ можа выконваць. Збольшага гэта рэйсы ў Расею. Лятае «Белавія» таксама ў Стамбул, Тбілісі, Ерэван і шэраг іншых гарадоў. Прагматычна паводзіць сябе Turkish Airlines. Авіякампанія працягвае выконваць рэйсы ў Беларусь на сваіх самалётах, але рэйсы ў іншыя краіны паветраную прастору Беларусі абмінаюць — кіруюцца праз Расею альбо Ўкраіну і Польшчу.

Бізнэс-авіяцыя і прыватныя самалёты

Акрамя пасажырскіх лайнэраў вялікіх авіякампаній, над Беларусьсю працягваюць лятаць невялікія самалёты бізнэс-авіяцыі, а таксама прыватныя паветраныя судны. Іх таксама можна адсачыць праз сэрвіс flightradar24.com, але інфармацыі пра маршрут і прыналежнасьць самалёта можа быць менш.

Над Беларусьсю працягваюцца палёты такіх самалётаў, зарэгістраваных у Сэрбіі, Расеі, Швайцарыі і нават ЗША. Асабліва часта паветранай прасторай Беларусі карыстаюцца бізнэс-лайнэры, якія выконваюць палёты паміж Масквой і Балканскім паўвостравам.

Транспартныя рэйсы

Гэта самая экзатычная катэгорыя авіялайнэраў, якія сустракаюцца ў паветранай прасторы Беларусі. Забарона EASA закранула і эўрапейскія транспартныя кампаніі, аднак грузавых самалётаў у беларускім небе застаецца шмат і бязь іх. Акрамя расейскіх транспартных лайнэраў, тут працягваюць лятаць кітайскія, а таксама самалёты з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і грузавое падразьдзяленьне Turkish Airlines. Але найчасьцей, да 10 разоў на дзень, над Беларусьсю пралятаюць самалёты буйных амэрыканскіх кампаній дастаўкі FedEx i UPS. Яны не спыняюць палётаў, нягледзячы на забарону эўрапейскіх структур.

Працягвае выконваць транспартныя рэйсы над Беларусьсю і афрыканская транспартная авіякампанія Ethiopian Cargo. Яе самалёты зьяўляюцца над беларускім Палесьсем некалькі разоў на дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG