«Гэта шакуе і сымбалізуе безнадзейнасьць, у якую Лукашэнка апускае беларусаў з дапамогай рэпрэсіяў і жорсткага гвалту», — заявіла ў Бэрліне на ўрадавай прэс-канфэрэнцыі прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Нямеччыны Марыя Адэбар.
Яна запэўніла, што Нямеччына будзе садзейнічаць пашырэньню санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.
«Падчас цяперашніх кансультацыяй у Брусэлі, якія заўважна рухаюцца наперад, Бэрлін выступае за тое, каб гэта адбылося хутка і эфэктыўна», — адзначыла яна.
Мянчук Сьцяпан Латыпаў, якога падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, 1 чэрвеня зьдзейсьніў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.