Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нарэшце ён не ў адзіночцы, і дух яго не зламаны». Што з гомельскім падлеткам, якому далі 5 гадоў калёніі


Мікіта Залатароў
Мікіта Залатароў

Мікіту Залатарова пасадзілі на 5 гадоў калёніі, калі яму было 16 гадоў. У траўні яму споўнілася 17. Падлетак працяглы час сядзеў у адзіночнай камэры і скардзіўся бацьку, што доўга так не вытрымае.

«Адзіночка — гэта проста зьдзек! Дарослыя людзі не вытрымлівалі яе. Я ведаю людзей, якія проста звар’яцелі ў адзіночцы. Але цяпер, дзякуй Богу, да Мікіты пасадзілі другога чалавека. Гэта зьмяніла ягоны настрой. Ён цяпер павесялеў, не такі прыгнечаны, як быў», — расказаў Свабодзе бацька падлетка Міхаіл Лапуноў.

Ліст ад Мікіты Залатарова
Ліст ад Мікіты Залатарова

Што здарылася зь Мікітам

Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлем Молатава»). Падчас утрыманьня ў СІЗА падлетак, які хварэе на эпілепсію, скардзіўся, што міліцыянты і супрацоўнікі ізалятара яго білі. На судзе ён заяўляў, што яму не даюць лекаў і кажуць: «Ты палітычны, здохнеш». Яго пакаралі пазбаўленьнем волі на пяць гадоў. Цяпер Мікіта ў гомельскім СІЗА. Ён не паехаў адбываць пакараньне ў калёнію, бо на яго завялі новую крымінальную справу — нібыта за напад на канваіра (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу). Непаўналетняга чакае сьледзтва, суд і новы тэрмін.

«Але цяпер сытуацыя зь лекамі палепшылася. Калі раней я пытаўся ў Мікіты, як справа з атрыманьнем лекаў, то ён казаў, што на чатыры зь дзесяці, а цяпер кажа, на дзевяць зь дзесяці», — удакладніў бацька.

Чым Мікіта займаецца ў турме

«Мікіта просіць нас перадаваць кнігі і часопісы, але цяпер забаранілі іх перадаваць. Таму чытае тое, што даюць у бібліятэцы. Прачытаў Дар’ю Данцову (расейская аўтарка дэтэктываў. — РС), прачытаў Дастаеўскага, праўда, не напісаў, якую менавіта кнігу. Добрыя людзі падпісалі яго на шэраг часопісаў, у тым ліку „Вокруг света“. Цяпер ягоныя лісты сталі больш пазытыўнымі, калі перавялі з адзіночкі», — кажа Міхаіл Лапуноў.

Мікіта з адвакатам вырашылі, што ён будзе прызнаваць віну ў «нападзе на канваіра».

«Таму што змагацца зь імі бессэнсоўна. На першым судзе адвакат даказаў, што Мікіта не вінаваты, а тэрмін далі пяць гадоў. Ён паказаньняў пакуль не дае, маўчыць, бо як што скажаш — можа быць лішнім», — зазначыў Міхаіл.

Хто падтрымлівае Мікіту і яго бацькоў

Па словах Міхаіла, ягоны сын атрымлівае па 10-20 лістоў на дзень. Таму бацька перадае яму па 30-40 канвэртаў запар. На жаль, ён ня мае спатканьняў з сынам.

«Сьледчы сказаў, што такое было ўказаньне зьверху — ніякіх спатканьняў. Але падтрымка велізарная — і ў нас, і ў Мікіты. І мне тэлефануюць і пішуць з усяго сьвету, і сыну. Каб ня людзі, я б зубы на паліцу паклаў. Жонку звольнілі з працы, я пакуль трымаюся... Жонка была на сьледчых дзеяньнях як законная прадстаўніца, перадала Мікіту „прывітаньне ад усіх сваякоў са ўсяго сьвету“. Сын моцна зьдзіўляецца: „А зь якога сполаху ў мой бок такая ўвага, хто я такі?“ А мы пішам і гаворым, што ўсе пра яго памятаюць», — кажа Міхаіл.

Бацька вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія падтрымліваюць Мікіту.

«Ён раней усё казаў: „Хутчэй бы ў калёнію“... Ох, каб ён ведаў, што такое „малалетка“. Я начытаўся — гэта проста жах. І знаёмыя мне расказалі пра тамтэйшыя „парадкі“. Страх... Там жорсткія ўмовы і стаўленьне», — дадаў тата.

Яны з жонкай намагаюцца забясьпечыць Мікіту ўсім магчымым, перадаюць харчы, стараюцца, каб ён ня меў ні ў чым патрэбы.

«Мікіта любіць шаўрму. Таму мы перадаём лаваш, а ён там сам яе робіць, з чаго можа», — кажа Міхаіл.

Напісаць Мікіту можна па адрасе: 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1а, СІЗА-3, Мікіту Міхайлавічу Залатарову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG