Да пачатку пратэстаў у Беларусі Стася Гліньнік працавала ў некалькіх камэрцыйных арганізацыях у Варшаве і вучылася ў Галоўнай школе сельскай гаспадаркі. Але пасьля грамадзкая дзейнасьць пачала забіраць шмат часу, і дзяўчына ўзяла акадэмічны адпачынак на год, каб дапамагаць беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Гэтым Стася займаецца ў арганізацыі «Беларускі Моладзевы Хаб».
26 траўня разам зь сяброўкай Бажэнай Шамовіч яна распачала бестэрміновую галадоўку каля офіса Эўракамісіі ў Варшаве. Яны заклікаюць краіны Эўразьвязу:
- Прызнаць цяперашні рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным.
- Неадкладна ўвесьці эканамічныя санкцыі для выратаваньня жыцьцяў палітвязьняў.
Галадаюць пяцёра. Адна з удзельніц па рэкамэндацыі лекара ня можа працягваць галадоўку, сёньня яе мае замяніць іншы чалавек. Удзельнікі галадоўкі начуюць у трох намётах каля самага ўваходу ў сядзібу прадстаўніцтва Эўракамісіі. Як расказвае Стася Гліньнік, каб разьмясьціцца ў гэтым месцы, не было ніякіх перашкод ня толькі з боку ўладаў гораду, але і Эўракамісіі.
«Дазвол паставіць намёты дала Эўракамісія, яны скінулі падаўжальнік і дазволілі разьвесіць плякаты на сваіх сьценах»
«У Польшчы дзейнічае спрошчаны рэжым. Ня трэба прасіць ніякага дазволу, трэба проста паінфармаваць, што гэта адбываецца. Нашыя намёты акурат такога памеру, што ня мусяць знаходзіцца на ходніку. Яны стаяць афіцыйна на тэрыторыі Эўракамісіі. Таму дазвол паставіць намёты мы атрымалі непасрэдна ад Эўракамісіі. Яны дазволілі нам разьвесіць плякаты на іх сьценах, карыстацца туалетам, і скінулі нам падаўжальнік», — расказвае Стася.
Пра галадоўку беларусаў паведамілі ўсе асноўныя польскія тэлеканалы і іншыя СМІ. Паводле Стасі Гліньнік, да намётаў прыходзіць шмат неабыякавых палякаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, каб падтрымаць галадоўнікаў. Адна ініцыятыва вылучыла нават лекара, які цэлы дзень назірае за ўдзельнікамі галадоўкі. Ім прыносяць тэрмакоўдры, абагравальнік, ваду.
Мэта галадоўнікаў — сабраць 3 тысячы подпісаў пад зваротам да прадстаўніцтва Эўракамісіі. Такая колькасьць абавязвае ўстанову публічна адказаць на зварот беларусаў. Пакуль не зьбяруць, акцыя будзе працягвацца. Цяпер сабрана каля дзьвюх тысяч.
Да галадоўнікаў прыходзілі ўжо маршалак польскага Сэнату Томаш Гродзкі і ягоны намесьнік Богдан Барусэвіч. Сэнат Польшчы ўжо прызнаў, што дзеяньні Лукашэнкі парушаюць міжнароднае права. Прыняты сэнатарамі дакумэнт запускае і эўрапейскі дыялёг аб вызваленьні палітвязьняў у Беларусі. Пагутарыць з удзельнікамі акцыі прыходзілі прынамсі 15 дэпутатаў Сэйму, а таксама прадстаўнікі палітычных партый, грамадзкіх ініцыятываў.
«Мы разумеем, што гэта прывядзе да эканамічнага шоку. Але і палітыка Лукашэнкі туды вядзе»
«Польшча нас сапраўды падтрымлівае, але мы зьвяртаемся да Эўракамісіі. Адтуль да нас пакуль ніхто не прыходзіў. Мы пачыналі ад патрабаваньня ўвесьці санкцыі. Цяпер мы разумеем, што яны будуць уведзеныя. Гэта пытаньне часу, пытаньне працы эўрапейскай бюракратыі. Наш акцэнт цяпер ссунуўся на тое, каб прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным. Калі нейкая фірма будзе працягваць гандаль зь Беларусьсю, яна аўтаматычна ў сьвеце павінна прызнавацца памагатым тэрарызму. Гэта цалкам спыняе фінансавыя патокі Лукашэнкі і Беларусі. Мы разумеем, што гэта прывядзе да эканамічнага шоку. Але і палітыка Лукашэнкі туды вядзе», — лічыць Стася.
Міністар замежных спраў Беларусі ў інтэрвію расейскаму выданьню «Коммерсант» заявіў, што заходнія санкцыі супраць Беларусі — гэта ўдар па эканоміцы, а «пасьля яе разбурэньня аб сувэрэнітэце можна забыць». Стася Гліньнік адказвае міністру Макею, што беларускаму сувэрэнітэту пагражае менавіта цяперашняя палітыка кіраўніцтва краіны.
«Прызнаньне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным стане ціскам і на Расею»
«Калі ўсё пойдзе, як ідзе цяпер, то мы акурат і станем часткай Расеі. Іншая справа, што беларусы на гэта ніколі не пагодзяцца. Магчыма, да падзеяў жніўня нейкая частка насельніцтва яшчэ падтрымлівала Пуціна, у той жа час выступаючы супраць Лукашэнкі. Але ўсе бачылі, як рэжым Пуціна павёў сябе адносна беларусаў. Думаю, што ніхто ня хоча прысвойваць сабе тэрыторыю, на якой знаходзіцца 9 мільёнаў людзей, якія цябе ня любяць. Чым хутчэй мы перажывем гэты крызіс, тым хутчэй мы здолеем аднавіцца. Трэба гэта прыняць, зразумець і падрыхтавацца. Без эканамічнага шоку Беларусь ужо не абыдзецца».
Паводле Стасі, прызнаньне рэжыму ў Беларусі тэрарыстычным паўплывае і на ўзаемадзеяньне Расеі і Беларусі.
«Як бы Расея ні спрабавала паказаць, што санкцыі супраць яе не балючыя, гэта ня так. Санкцыі ЗША супраць Расеі — гэта вельмі сур’ёзна. І каб гэтыя санкцыі рабіліся ўсё больш жорсткімі, Расея дакладна ня хоча. Магчыма, яна задумаецца, ці варта мець адносіны з Лукашэнкам. А для Беларусі санкцыі — гэта шокавая тэрапія, прымусовая, але гэта трэба перажыць, калі мы хочам жыць у вольнай краіне. На жаль, іншага выхаду пакуль няма».