Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Сусьветны дзень абароны дзяцей


Падзеі 1 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Быў заснаваны ў лістападзе 1949 году ў Парыжы рашэньнем кангрэсу Міжнароднай дэмакратычнай фэдэрацыі жанчын. Упершыню Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначылі ў 1950 годзе.

Дзень у гісторыі

1836 — закладзены першы камень Берасьцейскай крэпасьці.

1862 — на ўсёй тэрыторыі ЗША скасавалі рабства.

1916 — у Вільні створаны Беларускі клюб.

1918 — у Менску адкрылася кансэрваторыя.

1933 — у Менску адкрылі Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (з 1991 году — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт).

1951 — выйшаў першы нумар газэты «Физкультурник Белоруссии» (цяпер — «Спортивная панорама»).

1990 — прэзыдэнт ЗША Джордж Буш (старэйшы) і савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў падпісалі дамову аб спыненьні вытворчасьці хімічнай зброі.

У гэты дзень нарадзіліся

1911 — Якуб Міско, беларускі пісьменьнік, журналіст.

1926 — Мэрылін Манро, амэрыканская кінаакторка, сьпявачка, сэкс-сымбаль.

1945 — Аляксей Кузьміч, беларускі мастак.

1954 — Алесь Асташонак, беларускі пісьменьнік, перакладчык.

Адны жывуць розумам, і таму ўспрымаюць жыцьцё як камэдыю.

Другія жывуць пачуцьцямі, і для іх зямны шлях — трагедыя.

Алесь Асташонак жыў пачуцьцямi. Зь ім бывала ўдумна, бывала весела, бывала нясьцерпна, але ніколі не бывала сумна.

Кім толькі ён не працаваў!

Перакладчыкам у Альжыры, выхавальнікам у каледжы, настаўнікам францускае мовы, рэдактарам часопіса «Крыніца», асыстэнтам псыхіятра й памочнікам нарколяга. Але на сваім месцы Алесь быў адно за пісьмовым сталом.

Ён цікава й імкліва пачынаў. Прадмову да яго першай кнігі прозы «Фарбы душы» напісаў Алесь Адамовіч. Асташонкава п’еса «Камэдыянт» пасьля сцэнічнага ўвасабленьня зьявілася ў вэрсіі мастацкага тэлефільму, а іншы фільм паводле Алесевага сцэнару — «Сон» — атрымаў першую прэмію на міжнародным конкурсе ў Гішпаніі. Нашыя дзеці чыталі ў ягоных таленавiтых перакладах на беларускую мову «Востраў скарбаў» Стывэнсана й «Плянэту малпаў» П’ера Буля.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, стар. 524-525.

У гэты дзень памерлі

1434 — Ягайла, вялікі князь Літоўскі, кароль Польшчы.

1961 — Аўгіньня Дзянісава (нар. 1882).

Яна была добрай вядзьмаркай: вучыла мяне ня спаць, калі сядае сонца, і не любіцца зь дзеўкамі ў жыце і ў красках, бо колькі каласоў зломіш — столькі людзей ад голаду сканае, а колькі красак зьвяне — столькі дзетак на сьвет не народзіцца.

Яна таемна ахрысьціла нас зь сястрычкай Таняй, дзяцей пракурора і настаўніцы, у Копыскай царкве (той самай, дзе чамусьці не пахрысьцілі аднаго вядомага цяпер Сашу) і купіла нам крыжыкі, якія скрала, ад’яжджаючы па камсамольскай пуцёўцы на цаліну, нашая нянька.

Бабуля Аўгіньня была мамінай мамай і ўдавой дзеда Максіма — «ворага народу», расстралянага ў 1933-м разам з братам Ціханам Дзянісавым у магілёўскіх кар’ерах за ўдзел у контрарэвалюцыйнай арганізацыі, хоць пра гэта я тады нічога ня ведаў. Яна, непісьменная, усё жыцьцё ставіла ў калгасных ведамасьцях крыжыкі, але мне здаецца, што я сустракаў на сваім шляху ня шмат людзей, адукаванейшых за яе.

Бабуля была маёй першай і найлепшаю настаўніцай беларускай мовы. І першай настаўніцай гісторыі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, стар. 754 -755​.

1970 — Тадэвуш Іваноўскі (Тадас Іванаўскас), беларускі і літоўскі заоляг, пэдагог.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG