Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 31 траўня: журналістцы «Народнай Волі» прысудзілі месяц арышту

абноўлена

Міліцыя ў Менску, архіўнае фота.
Міліцыя ў Менску, архіўнае фота.

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзянскай супольнасьці, палітычных дзеячоў і СМІ. Свабода адсочвае падзеі. Артыкул абнаўляецца.

Месяц арышту журналістцы «Народнай волі»

Студэнтка факультэту журналістыкі БДУ, журналістка «Народнай волі» Глафіра Жук атрымала 30 сутак арышту. Яе затрымалі напярэдадні.

Глафіра Жук, журналістка «Народнай волі».
Глафіра Жук, журналістка «Народнай волі».

Сёньня дзяўчыне споўнілася 20 гадоў. 14 траўня Глафіра Жук асьвятляла для «Народнай волі» суд у «справе студэнтаў». Тады ля будынку суду затрымалі некалькіх чалавек, у тым ліку і журналістку Любоў Касьпяровіч. Яе абвінавацілі ў несанкцыянаванай акцыі і асудзілі на 15 сутак арышту.

Доказамі сталі скрыншоты з публікацый у Facebook 31 траўня. Справу журналісткі і студэнткі БДУ Глафіры Жук разглядзела судзьдзя Маскоўскага раёна Менска Тацяна Матыль.

Глафіру затрымалі 28 траўня, аб чым яна сама пасьпела паведаміць. У Маскоўскім РУУСе на яе склалі пратакол па ч.3 ст. 24.23 КаАП за «пікетаваньне перад будынкам суда і выказваньне сваіх палітычных інтарэсаў, што было выяўлена шляхам маніторынгу сацыяльнай сеткі 28 траўня». Гаворка ідзе пра фотаздымкі, якія Глафіра зрабіла перад пачаткам «хапуна» каля суда, дзе 14 траўня павінен быў пачацца разгляд «справы студэнтаў». На судзе ў якасьці «рэчыўных доказаў» прадэманстравалі скрыншоты з публікацый на яе старонцы ў Facebook: фотаздымак кед, зробленны пасля таго, як Глафіра ўцякала падчас «разгону» каля Дома правасуддзя, а таксама фотаздымкі людзей, якія стаяць каля суду, паведамляе БАЖ.

Крымінальныя справы за асабістыя зьвесткі чыноўнікаў

У трох гарадах Гомельскай вобласьці пачалі крымінальныя справы за распаўсюд інфармацыі пра дэпутатаў, судзьдзяў і намесьніка старшыні райвыканкаму.

У прыватнасьці, справы вядуць пракуроры Рэчыцкага, Жлобінскага і Мазырскага раёнаў, гаворыцца на сайце Генпракуратуры.

З паведамленьня вынікае, што ў траўні ў некалькіх чатах розных тэлеграм-каналаў зьявілася інфармацыя пра чыноўнікаў зь іх пэрсанальнымі зьвесткамі адрасамі, а таксама зьвесткамі пра маёмасьць блізкіх сваякоў.

Паколькі гэта складае асабістую і сямейную тайну, то пацягнула «прычыненьне шкоды iх правам і законным інтарэсам».

За падобнае «злачынства» прадугледжана адказнасьць паводле арт. 179 Крымінальнага кодэксу — «незаконны збор альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці».

Арышт за ўзьняты кулак

Жыхара «Лебядзінага» арыштавалі за ўзьняты кулак пад вокліч іншых «Жыве Беларусь» у кампаніі сяброў на базе адпачынку ў Ратамцы. 32-гадовага Сяргея Шостыра затрымалі ўвечары 28 траўня ў «Лебядзіным» каля яго дома і абвінавацілі ў пікетаваньні 10 красавіка ў групе людзей, піша тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».

Паводле пратаколу, мужчына ўздымаў руку ўгару, а астатнія крычалі «Жыве Беларусь!» 31 траўня справу судзьдзя Дзьмітры Карсюк у судзе Цэнтральнага раёна асудзіў Шостыра на 15 сутак.

Па словах затрыманага, 10 красавіка ў Ратамцы яны гатавалі ежу і сьпявалі песьні, а ўвечары разьехаліся па дамах. Яны знаходзіліся на агароджанай тэрыторыі і ня ладзілі ніякага пікету. У судзе прадэманстравалі відэазапіс зь месца адпачынку, які доўжыўся каля пяці сэкундаў. На відэа бачна, што Сяргей узьняў кулак. Таксама чуваць, як у канцы хтосьці кажа «Жыве Беларусь!»

Нягледзячы на агароджу, сьведка-міліцыянт сьцьвярджаў у судзе, што зь 10 мэтраў здолеў разглядзець твары ўдзельнікаў. Ён так і ня ўспомніў, як выглядае ўваход на базу адпачынку, але «дакладна памятаў», што «трапіў туды свабодна».

Чарговае затрыманьне Андрэя Шарэнды

У Берасьці затрымалі актывіста Андрэя Шарэнду — мужа зьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Ён пасьпеў паведаміць «Белсату», што яго вязуць на допыт. Жонка Андрэя ў СІЗА з 3 студзеня.

У сям’і двое маленькіх дзяцей. Андрэя Шарэнду раней ужо неаднаразова затрымлівалі, але затым адпускалі пасьля допытаў. У красавіку Пракуратура Берасьцейскай вобласьці завяла на грамадзкага дзеяча крымінальную справу за абразу Лукашэнкі ў час інтэрвію.

Журналіста правяраюць у сувязі зь дзейнасьцю агенцтва БелаПАН

Да журналіста Зьмітра Яненкі раніцай 31 траўня прыйшлі сілавікі. Жонцы журналіста паведамілі, што яго вязуць у ГУУС Менгарвыканкама «ў сувязі з падатковай праверкай дзейнасьці інфармацыйнай агенцтва БелаПАН», паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Зьміцер Яненка раней браў удзел у выданьні камуністычнай газэты «Товарищ».

Пасьля 17-й гадзіны Зьмітра Яненку выпусьцілі, паведамляе «Белсат».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG