Любоў Касьпяровіч расказала пра тое, якія ўмовы цяпер на Акрэсьціна для «палітычных» арыштантаў, да якіх залічваюць і незалежных журналістаў.
Любоў Касьпяровіч расказала пра тое, якія ўмовы цяпер на Акрэсьціна для «палітычных» арыштантаў, да якіх залічваюць і незалежных журналістаў, піша Tut.by.
Пасьцельную бялізну не давалі, у душ не вадзілі. «Пасьцелі былі ў камэры насупраць. Праз кармушку можна было ўбачыць тапачкі, посьцілкі. У нас жа былі голыя рашоткі. На падлозе спаць было зручней, чым на іх. Прагулкі — гэта тры-чатыры тысячы крокаў па камэры, пакуль ты ня стомішся лічыць. Душ — гэта вільготныя сурвэткі і бутэлька вады.
Увесь тэрмін арышту яна была ў рэчах, у якіх яе затрымалі. Перадачы, іх было дзьве, Любові аддалі толькі на выхадзе з ізалятара. Ёй перадалі толькі пачак масак, прычым вынялі зь яго іншыя сродкі гігіены, нават зубную шчотку.
Камэры былі перапоўненыя. Перад вызваленьнем на 8 месцаў было 17 чалавек. А было і такое, што ў камэры на дваіх сядзелі 15. «Людзі былі паўсюль, а ў куце Ала — бяздомная, у якой былі вошы. Калі ты кладзешся бачком, чуеш, як яна чухаецца. Так мы правялі содні, а потым некалькі чалавек з нас перавялі ў прасторныя апартамэнт: нас было пяцёра на чатырох ложках».
Увесь час Любоў нармальна ня спала. «Сон быў так сабе, бо ты сьпіш на падлозе, холадна. Плюс так званыя палітычныя камэры будзяць яшчэ а другой і чацьвёртай гадзіне ночы. Называюць тваё прозьвішча, табе трэба падняцца ці адказаць».
«Зраньня вылівалі ваду з хлёркай, ня хлёркай. Па адчуваньнях, былі розныя пахі. Гэта ўсё прыбіраеш», — расказала Любоў Касьпяровіч.
Любоў Касьпяровіч затрымалі 14 траўня, калі пачаўся суд у «справе студэнтаў». Яна брала інтэрвію ў сяброў падсудных каля менскага Дому правасудзьдзя, і яе затрымала міліцыя.
Судзлілі Любоў Касьпяровіч 17 траўня праз скайп. На наступны дзень улады адключылі Tut.by і арыштавалі яго кіраўніцтва і некалькі супрацоўнікаў.
У суд над Касьпяровіч не пусьцілі прадстаўнікоў незалежнай прэсы, спаслаўшыся на эпідэмічнае становішча.
Судзьдзя палічыў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаваньні і пакараў на 15 сутак арышту.
«Я не разумею пастанову. Як можна невінаватага чалавека прызнаць вінаватым», — заявіла тады Любоў Касьпяровіч пасьля вынясеньня прысуду.
Любоў Касьпяровіч у пачатку суду заявіла, што з пратаколам яе не азнаёмілі, таму яна ня ведае, за што яе затрымалі. Хоць у самім пратаколе запісана, што журналістка нібыта «адмовілася знаёміцца са справай».
Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва журналісткі аб азнаямленьні са справай. Адзінае, судзьдзя дазволіў некалькі хвілін паразмаўляць праз скайп са сваім абаронцам у прысутнасьці сакратара суду.
Адвакат журналісткі заявіў хадайніцтва вызваліць журналістку, бо прадугледжаныя законам на затрыманьне 72 гадзіны выйшлі. Адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх выпадкаў, калі можна затрымліваць чалавека больш як на трое сутак, патлумачыў ён.
Суд у патрабаваньні адмовіў, пасьля чаго адвакат заявіў адвод суду, але і гэтае хадайніцтва не было выкананае.
Пасьля перапынку сьведка Іваноў І.І. (дадзеныя зьмененыя) заявіў, што Любоў Касьпяровіч была на пляцоўцы каля суду ў групе грамадзян, лёзунгі не выкрыквала, сьцягоў ня мела. Але сьведка вырашыў, што журналістка ўдзельнічала ў пікетаваньні.
Пасьля аднаўленьня працэсу журналістка паведаміла, што знаходзіцца ў трохмеснай камэры, дзе сядзяць 10 чалавек. Ні матрацаў, ні бялізны няма.
Адвакат паўторна заявіў хадайніцтва пра вызваленьне Касьпяровіч з-пад варты, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін яе законнага ўтрыманьня. Суддзя Сяргей Кацар пасьля невялікай паўзы адмовіўся вызваліць журналістку.
Адвакат прасіў прадставіць відэа з камер назіраньня на будынку Дома правасуддзя, каб пацьвердзіць невінаватасьць журналісткі. Судзьдзя таксама адмовіў.