23 траўня ў менскім аэрапорце праз фальшывае паведамленьне аб міне прызямліўся самалёт Ryanair Атэны — Вільнюс, у якім ляцеў блогер Раман Пратасевіч. Яго і ягоную дзяўчыну затрымалі. Пасьля пасадкі самалёта Эўрапейская рада заклікала ўсіх перавозчыкаў Эўразьвязу пазьбягаць лятаць над Беларусьсю і закрыць неба і аэрапорты Эўразьвязу для беларускіх авіякампаній.
Вось што апавядаюць пасажыры, якіх закрануў канфлікт у беларускім небе.
«Для некага будзе фінансавая праблема вярнуцца»
Дзяўчына расказвае, што зьбіралася ляцець у Менск з Варшавы з польскай авіякампаніяй LOT. Аднак атрымала паведамленьне, што яе рэйс адменены. Беларуска заказала квіток на рэйс «Белавія» на заўтра ў 15:05.
«Нечаканасьцю не было, сачу за сытуацыяй і мела прадчуваньне, што так і будзе. Пакуль ёсьць рэйсы „Белавія“. Купіла квіток на заўтра. А вось калі і „Белавія“ не паляціць, чаго таксама не выключаю, буду шукаць іншыя варыянты», — паведаміла яна.
Квіток на польскі LOT пасажырка яшчэ не здала, але кажа, што квіток на «Белавія» каштуе даражэй — амаль 107 эўра.
«Сытуацыя складаная; магчыма, для некага будзе фінансавая праблема вярнуцца, — кажа яна. — Магчыма, давядзецца дабірацца дадому праз Маскву, сябры прапанавалі ўжо падтрымку, калі прыйдзецца так зрабіць. Але гэта пацягне вялікія выдаткі, на якія я не разьлічвала».
Дзяўчына пакуль ня вырашыла, ці будзе яна зьвяртацца ў амбасаду Беларусі па дапамогу.
«Напэўна, не, але калі будзе зусім крытычная сытуацыя... Пакуль ня ведаю, што рабіць. Буду вырашаць праблемы па меры іх паступленьня», — кажа яна.
Як яна ставіцца да сытуацыі з адменай палётаў празь Беларусь?
«Я вельмі рада, што рэакцыя на тое, што адбываецца ў нашай краіне, стала больш канкрэтнай», — кажа беларуска.
«Аэрапорт і „Белавія“, адразу прынамсі, нічога не зрабілі, нічога не прапанавалі»
Яшчэ адна пасажырка паведаміла, што прыехала ў аэрапорт «Менск» на свой рэйс, калі ўжо ведала з навінаў, што нешта будзе ня так. Але кажа, што па тэлефоне яе запэўнілі, што ўсё будзе ў парадку. Аднак у аэрапорце высьветлілася, што ейны рэйс на Парыж адмянілі.
«Адразу пасажыры пайшлі ў касу, каб купіць квіткі да Стамбула ці некуды, куды магчыма, каб зьляцець як мага раней. Мне ўжо квітка не хапіла. Але аэрапорт і „Белавія“, адразу прынамсі, нічога не зрабілі, нічога не прапанавалі, ніякіх іншых варыянтаў, не даслалі нейкага SMS. І наконт вяртаньня грошай мне ніхто нічога канкрэтна не сказаў. Але наконт гэтага я ня моцна хвалююся, бо мне здаецца, што яны мусяць вярнуць на картку. Таму з гэтым я буду разьбірацца потым», — кажа яна.
Жанчына купіла іншы квіток на заўтра і зьбіраецца ляцець праз Турэччыну. Па яе словах, «гэта найбольш зручны і хіба не адзіны даступны маршрут».
«З таго што я чула ад людзей перада мной у чарзе, яны нават не мянялі квіткі, бо гэта было за даплату. Таму людзі проста набывалі новыя».
Паводле жанчыны, сытуацыя з адменай палётаў закранула многіх, але яна лічыць, што ў цэлым «гэта нарэшце рашучы крок Эўразьвязу, якога мы чакалі».
«Страшна, што ад гэтага мы цяпер ізаляваныя»
Беларуска, якая вучыцца ў Польшчы, абураецца, што праз адмены рэйсу ў Варшаву не змагла тэрмінова выехаць на вучобу, а «цяпер немагчыма выехаць ніякім чынам».
Яшчэ адна студэнтка кажа, што, з аднаго боку, «ад усяго сэрца» падтрымлівае адмену палётаў і верыць, што гэта «дапаможа паўплываць на рэжым».
«Але з другога боку, тысячы студэнтаў, якія вучацца ў Эўропе, цяпер апынуцца за жалезнай заслонай! Я ня буду згадваць пра рабочых, кажу толькі за студэнтаў. Страшна, што ад гэтага мы цяпер ізаляваныя і ня маем магчымасьці паехаць на вучобу ці вярнуцца да сям’і», — кажа яна.
«Вядома, пацярпяць людзі ад гэтага»
Лекар, які працуе ў Нямеччыне, сказаў, што праз адмену палётаў нямецкіх авіяліній у яго цяпер узьнікла праблема зь вяртаньнем у Беларусь. Ён плянаваў вярнуцца ў канцы траўня, але цяпер невядома, як гэта будзе магчыма.
«Адзін варыянт, які я разглядаю, наземны, але даведваюся, ці магчыма гэта», — тлумачыць ён.
Да цяперашняй сытуацыі з адменай палётаў лекар ставіцца станоўча: «Толькі, вядома, пацярпяць людзі ад гэтага».
«Але, калі верыць інфармацыі на сайце „Белавія“, то квіткі можна купіць, праўда, паднялі цану так, што раней такога не было. І другі момант, што калі забароняць і гэтай кампаніі лятаць у ЭЗ, то ці вернуць мне грошы за квіток? Вось якая яшчэ праблема», — кажа ён.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.