Раней Беларускі фонд культурнай салідарнасьці распачаў кампанію для выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу (EBU) і пазбаўленьня яе права на трансьляцыі і ўдзел вяшчальніка ў «Эўравізіі». Адпаведны ліст кіраўнік фонду Сяргей Будкін накіраваў у офіс Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу, які месьціцца ў Жэнэве.
Гэты зварот падтрымаў і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка, які ў сваім лісьце абгрунтаваў мэтазгоднасьць выключэньня, спасылаючыся на статут зьвязу і яго этычны кодэкс.
У сваім адказе на імя Сяргея Будкіна генэральны дырэктар Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу Ноэль Куран запэўніў, што «мы працягваем уважліва сачыць за цяжкім становішчам СМІ ў Беларусі і рашуча асуджаем напады міліцыі на мясцовых і замежных журналістаў, якія асьвятляюць грамадзянскія пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў».
Аднак «EBU — гэта прафэсійная арганізацыя, незалежная ад палітыкі», — дадаў Ноэль Куран.
«Калі EBU па-за палітыкаю, як можа ў такім разе ў яе складзе прысутнічаць арганізацыя, якая шматкроць парушала правы чалавека, міжнароднае права, падтрымлівала гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян, распальвала варажнечу, звальняла сваіх супрацоўнікаў за палітычныя погляды, па палітычных жа матывах скасавала кантракт з пераможцам нацыянальнага адбора да „Еўрабачаньня“. Цалкам згодны з сп.Куранам. EBU павінна быць па-за палітыкаю. А значыць без БТ у складзе,» — пракамэнтаваў адказ кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасьці Сяргей Будкін ў сваім фэйсбуку.
Варта нагадаць, што доўгі час кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў адказ на патрабаваньне адмяніць правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі-2021 цьвердзіла, што «спорт па-за палітыкай», аднак пад ціскам грамадзкасьці пазбавіла Менск права праводзіць хакейны чэмпіянат.