Прадстаўніца ЗША ў АБСЭ Кортні Острыен выступіла сёньня на пасяджэньні сталай рады гэтай арганізацыі наконт сытуацыі ў Беларусі, прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair і затрыманьня Пратасевіча і Сапегі:
Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць прымусовае перанакіраваньне ў Менск рэйсу паміж дзьвюма краінамі-чальцамі ЭЗ і саюзьнікамі па NATO, якое відавочна грунтавалася на хлусьлівай інфармацыі, якая пагражала жыцьцям больш як сотні пасажыраў, і наступны арышт журналіста і сузаснавальніка тэлеграм-каналу Nexta Рамана Пратасевіча і яго паплечніцы Соф'і Сапегі.
Мы далучаемся да многіх іншых у гэтай залі і патрабуем іх неадкладнага вызваленьня. Як сказаў дзяржсакатар Энтані Блінкен, гэта быў шакавальны акт. Поўнае і празрыстае расьсьледаваньне інцыдэнту мае важнае значэньне, і ўсе, хто адыграў пэўную ролю ў гэтых дзеяньнях, павінен быць прыцягнутыя да адказнасьці.
Справаздачы, якія сьведчаць пра датычнасьць беларускіх спэцслужбаў і выкарыстаньне беларускай вайсковай авіяцыі для суправаджэньня самалёта, выклікаюць глыбокую занепакоенасьць.
Мы ня можам дазволіць, каб гэтая акцыя стварыла новы трывожны прэцэдэнт для аўтарытарных злоўжываньняў. Мы шчыльна каардынуем свой адказ з нашымі партнэрамі, у тым ліку з прадстаўнікамі ЭЗ, Літвы і Грэцыі. Улічваючы важкія прыкметы прымусовай пасадкі на падставе хлусьлівай інфармацыі, мы падтрымліваем заплянаванае на 27 траўня пасяджэньне Рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі з мэтай аналізу гэтых падзей і пры неабходнасьці вызначэньня пакараньняў.
Спадар Пратасевіч не ўчыніў злачынства, але яму прад’яўленае абвінавачаньне ў якасьці помсты за журналісцкую дзейнасьць. Рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што лічыць спадара Пратасевіча апанэнтам. Мы вельмі занепакоеныя магчымым жорсткім абыходжаньнем зь ім у зьняволеньні.
Беларускія ўлады нясуць поўную адказнасьць за бясьпеку і здароўе спадара Пратасевіча і спадарыні Сапегі. Праца спадара Пратасевіча за мінулы год выкрыла акты міліцэйскай жорсткасьці і катаваньняў, якія былі дадаткова пацьверджаныя справаздачай экспэрта Маскоўскага мэханізму.
Беларусь павінна неадкладна вызваліць спадара Пратасевіча і расьсьледаваць катаваньні, якія ён дапамог выкрыць. Мы як дзяржавы-ўдзельніцы падпісалі шэраг палітычных абавязаньняў дзеля падтрымкі незалежных СМІ як важнага кампанэнта свабоднага грамадзтва і дэмакратычнага, адказнага кіраваньня.
Злучаныя Штаты адназначна асуджаюць злоўжываньні рэжыму Лукашэнкі і затрыманьні журналістаў, чальцоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці за рэалізацыю сваіх правоў і асноўных свабодаў.
Мы заклікаем неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых. Мы падтрымліваем беларускі народ у яго імкненьні да свабоднай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні і паўтараем заклік да рэжыму паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, весьці сапраўдны нацыянальны дыялёг, правесьці новыя свабодныя і сумленныя выбары і неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў.