Фэдэрацыя веласпорту Нямеччыны выступіла з афіцыйнай заявай аб тым, што адмаўляецца прыяжджаць на чэмпіянат Эўропы па велатрэку ў Менск. Турнір заплянаваны ў Беларусі з 23 да 27 чэрвеня. Афіцыйнае рашэньне нямецкай арганізацыі ўжо давялі да ведама Эўрапейскага саюзу веласпорту.
«Пасьля падзеяў у выходныя Асацыяцыя раварыстаў Нямеччыны зьвязалася з UEC (Эўрапейскім саюзам веласпорту) і дала зразумець, што ў гэтай сытуацыі нацыянальная зборная Нямеччыны па трэкавым веласпорце ня можа ўдзельнічаць у чэмпіянаце Эўропы ў Менску і настойвае на альтэрнатыўным рашэньні», — гаворыцца ў паведамленьні.
Зборныя Вялікай Брытаніі і Нідэрляндаў таксама адмовіліся ляцець на чэмпіянат Эўропы па веласпорце на трэку ў Менску. «Гэта рашэньне прынята зыходзячы з пытаньняў бясьпекі гоншчыкаў», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Каралеўскага саюзу веласпорту Нідэрляндаў, піша Tut.by.
UEC, у сваю чаргу, заяўляе, што таксама крытычна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Саюз абмяркуе далейшы лёс турніру ў Менску ў найбліжэйшы чацьвер, 27 траўня, на пасяджэньні ў Лязане (Швайцарыя).
Раней у Беларусі адабралі права прымаць чэмпіянат сьвету па хакеі — яго цалкам аддалі латвійскай Рызе, якая да таго мелася прымаць спаборніцтвы на пару зь Менскам. Затым у Беларусі з прычыны далейшых гвалтоўных дзеяньняў Лукашэнкі забралі і права правесьці этап Кубку сьвету па біятлёне ў 2022 годзе, перадаўшы яго фінскаму Канціялахці.