Падзеі 25 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
25 траўня 1917 году памёр ад сухотаў беларускі паэт Максім Багдановіч. Пахаваны на старых гарадзкіх могілках у Ялце.
Таксама ў гэты дзень
1907 — у Вільні адбыўся зьезд настаўнікаў, на якім стварылі Беларускі настаўніцкі саюз.
1938 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар опэры і балету.
У гэты дзень нарадзіліся
1905 — Сяргей Хмара, беларускі пісьменьнік, журналіст, выдавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Канадзе.
1937 — Мікола Купрэеў, беларускі паэт.
1938 — Уладзімер Карызна, беларускі паэт.
У памяці
1926 — памёр Сымон Пятлюра, украінскі дзяржаўны і палітычны дзяяч, публіцыст, стваральнік украінскіх узброеных сілаў.
1970 — памёр Мікола Абрамчык, беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч, старшыня Рады БНР (1947-1970).
...Апынуўшыся ў 1920-я ў Празе, ён атрымлівае адначасова дзьве адукацыі: інжынэра-эканаміста ды гісторыка й сацыёляга. У гады студэнцтва Мікола зблізіўся з старшынём Рады БНР Пётрам Крачэўскім і ягоным спадкаемцам на гэтай пасадзе Васілём Захаркам.
Пасьля разьвітаньня з чэскай сталіцаю Абрамчык больш за год вандруе па Эўропе, дзе вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі. Аднак на пачатку 1930-х, калі ён знаходзіцца ў Ліёне, адбываюцца падзеі, што кардынальна мяняюць жыцьцё й пляны выпускніка Карлавага ўнівэрсытэту. Па-першае, зь Менску прылятае вестка пра самагубства Ігнатоўскага. Па-другое, падарожнік знаходзіць у Францыі вялікую беларускую працоўную эміграцыю.
Ад гэтага часу жыцьцё Абрамчыка непарыўна зьвязанае з эміграцыйным рухам. Ён стварае Хаўрус беларусаў у Францыі, з посьпехам выступае як публіцыст, выконвае даручэньні Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі, а з пачаткам Другой усясьветнай вайны робіць захады, каб беларусы-эмігранты далучалiся да антынацысцкага супрацiву.
Шматгадовы сябар і паплечнік Абрамчыка Лявон Рыдлеўскі ў сваіх успамінах піша, што Мікола мусіў пакінуць Францыю, трапіўшы на вока гестапаўцам. Жывучы нейкі час у Бэрліне, ён быў кіраўніком Беларускага камітэту самапомачы й уступіў у кантакты зь Беларускай незалежніцкай партыяй, але быў прымусова вывезены назад у Парыж і жыў пад наглядам. Тым ня менш не пакідаў беларускай справы — у прыватнасьці, чакаючы вызваленьня ад нацыстаў, падрыхтаваў шэраг зьвернутых да саюзьнікаў мэмарандумаў пра трагічную сытуацыю беларусаў у СССР.
Па вайне зь імем Міколы Абрамчыка зьвязанае аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР, якую ён узначальваў з 1947 да 1970 году. Пэўны час у гэты пэрыяд Абрамчык кіраваў Лігай за вызваленьне народаў Савецкага Саюзу.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 294–295.
1987 — памёр Яўген Калубовіч (на эміграцыі Каханоўскі), гісторык, грамадзка-палітычны дзяяч, літаратуразнавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
2007 — памёр Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік беларускай Вікіпэдыі.
У сяброўскіх размовах пра Каткоўскага і ў ягоных афіцыйных характарыстыках нельга абысьціся бяз слова «першы». Ён стаў адным зь першых айчынных інтэрнаўтаў і адным зь першых беларускамоўных блогераў. Першым узяўся за беларусізацыю пошукавіку Google. Яго называлі першым інтэрнэт-амбасадарам Беларусі. І сапраўды ў розных кутках сьвету я сустракаў людзей, якія першае ўяўленьне пра нашую краіну атрымалі дзякуючы Каткоўскаму, вядомаму ў сеціве як rydel23 і br23.
Уладзя быў самым маладым супрацоўнікам Беларускай службы Радыё Свабода і першым у яе гісторыі вэб-майстрам, якога ўзялі на працу выключна ў такой ролі. Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук кажа, што Ўладзевы праекты часта апярэджвалі магчымасьці тэхнічнага аддзелу, і такім чынам Каткоўскі прымушаў усіх рухацца наперад. Вынікам сталася бясспрэчнае лідэрства сайту нашага радыё сярод двух дзясяткаў рэдакцыяў. У сакавіку 2006 году, падчас пратэстаў на менскай плошчы Каліноўскага, сайт Свабоды наведала чвэрць мільёну чалавек...
Партал TUT.BY прысудзіў Уладзімеру Каткоўскаму Гран-пры конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў. Гэта быў заслужаны падарунак да 30-годзьдзя «патрыярха» Белнэту.
Уладзя не пасьпеў атрымаць узнагароду. За тры дні да круглай даты ён трапіў на праскай вуліцы ў катастрофу й апынуўся ў коме.
Ягонае існаваньне доўжылася яшчэ амаль цэлы год. Хочацца верыць, што ўвесь гэты час Уладзя быў тут.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 578–579.