Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое раней затрыманых у справе Tut.by знаходзяцца дома, падобна, пад хатнім арыштам


Рэдакцыя Tut.by, архіўнае фота
Рэдакцыя Tut.by, архіўнае фота

Дзейная і былая юрысткі кампаніі «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка знаходзяцца дома.

«Датэлефанавацца да іх не атрымліваецца, нельга зьвязацца», — расказаў парталу Tut.by сваяк адной зь юрыстак.

Гэта сьведчыць пра тое, што абедзьве могуць быць пад хатнім арыштам, гаворыцца ў паведамленьні на тэлеграм-канале рэсурсу.

У якім статусе Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка, на гэты час невядома. Іх адвакаты пад падпіскай пра невыдаваньне і не камэнтуюць ходу справы.

Пад хатнім арыштам таксама знаходзіцца Юлія Чарняўская, удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера.

Шэраг затрыманых супрацоўнікаў Tut.by, у дачыненьні да якога распачалі крымінальную справу, атрымалі статус падазраваных і знаходзяцца ў СІЗА. У іх ліку галоўная рэдактарка Марына Золатава.

Офіс рэдакцыі 18 траўня быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку праваахоўнікаў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, ня абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

У сьнежні 2020 году Tut.by па патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG