Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Tut.by.
Як паведамляюць сваякі, Марыну Золатаву, Вольгу Лойку, Алену Талкачову, Алу Лапатку, а таксама намесьніка дырэктара Ірыну Рыбалку, намесьніка галоўнага бухгальтара Марыю Новік перавядуць у СІЗА № 1 на Валадарскага. У іх статус падазраваных.
Мера стрыманьня ўзяцьце пад варту абіраецца адразу на два месяцы, але на працягу 10 сутак з моманту затрыманьня падазраванаму павінна быць прад’яўлена абвінавачаньне. Калі яно не прадʼяўлена, мера стрыманьня адмяняецца, гэта значыць, затрыманых могуць адпусьціць з-пад варты і праз 10 дзён.
Тэлеграм-канал Tut.by дае пералік супрацоўнікаў, якія знаходзяцца за кратамі:
- Галоўнага бухгальтара ТАА «Тутбаі Медыя» Анжэлу Асад таксама затрымалі. Дзе яна цяпер і дзе будзе ўтрымлівацца, сваякам дакладна не вядома.
- Дырэктарка RocketData Дарʼя Данілава - падазраваная паводле абвінавачваньня па арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яна ў СІЗА КДБ.
- Намесьнік галоўнага бухгальтара Марыя Новік адправілася або будзе адпраўлена ў СІЗА № 1.
- Мэнэджар Андрэй Аўдзееў у СІЗА КДБ у статусе падазраванага.
- Да гэтага часу невядомыя статус і месцазнаходжаньне намесьніка дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандра Дайнекі, юрыста Кацярыны Ткачэнкі, былога юрыста ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Ірыны Касьцючэнкі і гендырэктара Hoster.by Сяргея Павалішава.
- Людмілу Чэкіну, генэральнага дырэктара ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» з Акрэсьціна адправілі ў СІЗА №1 на Валадарскага. На працягу 10 сутак з моманту затрыманьня ёй могуць выставіць абвінавачанне альбо адпусьціць па сканчэньні гэтага тэрміну.
- Па ранейшай інфармацыі, удава заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юлія Чарняўская пад хатнім арыштам.