«Мы выказваем глыбокае спачуваньне блізкім спадара Ашурка, яго сябрам і ўсім, хто яго ведаў. Няхай добрыя ўспаміны дапамагаюць вам вытрываць у гэты цяжкі час», — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.
«Эўрапейскі Зьвяз падкрэсьлівае сваё патрабаваньне неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і адвольна затрыманых асоб.
Ён мае на мэце прыцягваць да адказнасьці вінаватых у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі», — напісала прадстаўніцтва ЭЗ.
Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы, што на Лідчыне, з насельніцтвам 10 тысяч чалавек. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Падымаў экалягічныя пытаньні. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага.
Ашурка асудзілі 18 студзеня на 5 гадоў калёніі. Суд вырашыў, што Ашурак арганізоўваў дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама чыніў гвалт над міліцыянтам. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, папярэдне гэта тлумачылі эпідэміяй каранавірусу, потым дзяржаўнай таямніцай.
21 траўня жонцы Вітольда Ашурка пазванілі і сказалі, што ў шклоўскай калёніі ў Вітольда Ашурка знайшлі нежывым — нібыта спынілася сэрца.
Раней ніякіх праблемаў з сэрцам у яго не было, сказала жонка Вітольда Ашурка «Белсату».
Апошні ліст ад яго яна атрымала 30 красавіка, раней лісты прыходзілі кожныя 10 дзён.
Больш ніякай інфармацыі пра прычыны і абставіны сьмерці ў яе няма.
У Сьледчым камітэце на тэлефанаваньні па нумарах, якія ёй далі ўчора, не адказваюць.