Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Віктара Купрэйчыка


Віктар Купрэйчык ля магілы Васіля Быкава
Віктар Купрэйчык ля магілы Васіля Быкава

Падзеі 22 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1501 – у Вільні асьвяцілі касьцёл Сьвятой Ганны.

1848 – пачаў дзейнічаць Дняпроўска-Бужанскі канал.

1962 – у паселішчы Сосны пад Менскам запусьцілі першы ў Беларусі атамны рэактар.

У гэты дзень нарадзіліся

1813 Рыхард Вагнэр, нямецкі кампазытар, дырыжор, драматург, філёзаф.

1959Артур Конан Дойл, брытанскі пісьменьнік. Найбольшую вядомасьць здабыў дзякуючы сваім дэтэктыўным гісторыям пра Шэрлака Холмса і доктара Ўотсана.

1899 Мікола Чарнецкі, беларускі публіцыст, пэдагог, палітычны дзяяч.

1900Мікола Касьпяровіч, беларускі этнограф, мовазнаўца і дасьледчык літаратуры.

У памяці


1885 – памёр Віктор Гюго, францускі пісьменьнік, тэарэтык францускага рамантызму.

2017 – памёр Віктар Купрэйчык, беларускі шахматыст.

Калі побач з словам «шахматы» паставіць назву нашай краіны, трэцім у гэтым шэрагу ўзьнікне імя – Віктар Купрэйчык.

Першы беларускі міжнародны грасмайстар, ён выступаў больш як у ста краінах, згуляў на спаборніцтвах рознага ўзроўню (ад чэмпіянатаў Беларусі да першынства Эўропы і сьвету сярод сэньёраў) 4000 партыяў. Ягонымі супернікамі былі Тыгран Петрасян, Барыс Спаскі, Віктар Карчной, Васіль Смыслоў, Бэнт Ларсэн, Анатоль Карпаў, Гары Каспараў. Чэмпіёнам сьвету Купрэйчык ня стаў, але перамагаў чэмпіёнаў на самых прэстыжных турнірах. Пра шахматную творчасьць беларускага грасмайстра надрукаваныя сотні артыкулаў і
рэпартажаў, зьняты фільм. У Канадзе выйшаў зборнік ягоных выбраных партыяў.

Адмыслоўцы кажуць, ягонай стыхіяй была нястрымная атака з каскадам ахвяраў на алтар перамогі. У журналісцкіх колах яго, выпускніка журфаку БДУ, называлі проста Купрэй, а ў шахматных – Менскі д’Артаньян.

Ягоным дэвізам было: ніколі не здавацца да пачатку партыі. Ня толькі ў шахматнай гульні.

Неўзабаве пасьля чарнобыльскай катастрофы Купрэйчыка ад спартовага таварыства «Дынама» накіравалі з шэфскай паездкай у зону.

Не пасьпеў вярнуцца – званок ад дынамаўскага функцыянэра: падавай дакумэнты на пасьведчаньне ліквідатара, выгадная справа. «Ды я ж там усяго дзень прабыў!» І паслаў чыноўніка далёка-далёка ад шахматнай дошкі.

Калі ў 1997-м адбываліся выбары прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, грасмайстар Купрэйчык быў адзіны, хто падняўся і цьвёрда сказаў: галасаваць ня будзе. Ня будзе, бо, паводле Алімпійскай хартыі, дзейны прэзыдэнт краіны ня можа быць абраны на гэтую пасаду.

Віктар выйшаў з залі.

Пакаяннага ліста ён, не ўважаючы на шматлікія парады, не напісаў.

Разам зь філёзафам Генадзем Грушавым, паэтамі Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным ён стаяў ля вытокаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Яе лідэр Уладзімер Някляеў запытаўся, ці трэба яму зь ягонымі праблемамі палітыка, Купрэйчык адказаў: «Праўда – не палітыка». А тады, як Някляеў сышоў з кампаніі, грасмайстар супакоіў яго: «Ты ж ня з праўды сышоў».

Кажуць, жыцьцё для яго не было гульнёй, але гульня была жыцьцём. Але па-за межамі сваёй шахматнай гульні працягласьцю на цэлы лёс Віктар цікавіўся гісторыяй, мастацтвам, літаратурай.

За грошы, выйграныя на вэтэранскім турніры, выдаў па-беларуску кнігу выбранай прозы і паэзіі Івана Буніна. Грошы, што перакладчыкі не ўзялі ад яго як ганарар, аддаў на надмагільны помнік Рыгору Барадуліну.
У час разьвітальнай цырымоніі над труною Купрэйчыка гучалі ягоныя ўлюбёныя «Кони привередливые» Ўладзіміра Высоцкага.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 706-707

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG