«На вялікі жаль, я вымушаны дзеля бясьпекі дзяцей пакінуць канцлягер „Беларусь“. Тое, што робяць улады ў апошні час, мае адну назву — нацызм. Лукашызм значна больш небясьпечны, чым тое, што мы перамаглі ў 1945 годзе. Той зьнішчаў фізычна, гэты яшчэ і маральна. Хто застаўся — трымайцеся, мы абавязкова пераможам. Зямля будзе гарэць пад нагамі акупантаў! Жыве Беларусь!» — напісаў Ільля Дабратвор на сваёй старонцы ў Facebook.
Некалькі дзён таму актывіста і журналіста дапыталі ў аддзяленьні Сьледчага камітэту Заводзкага раёну Менску. Туды яго выклікалі па крымінальнай справе адносна «псаваньня маёмасьці» — за партрэты палітвязьняў у пад’езьдзе дому на вуліцы Арцёма.
Апошнім часам шматдзетная сям’я Дабратвораў зазнала моцны ціск. Іну Дабратвор у красавіку аштрафавалі на 5800 рублёў (пасьля апэляцыі Менгарсуд скараціў суму на 1450 рублёў — да 4350). Падставай сталі партрэты Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і выява «Пагоні» на вокнах уласнай кватэры.
Тады жанчына часова выехала ў Польшчу і там засталася. Цяпер сям’я аб’яднаецца.
Пазьней Ільля Дабратвор паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што «амаль увесь архіў штабу Валерыя Цапкалы» трапіў у рукі сілавікоў. «Часткова былі страчаныя подпісы, якія не здаваліся ў ЦВК — каля 50 000... Паводле нашых прыкідаў, у лістах утрымлівалася прыкладна 3000 чалавек, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе. Бліжэйшым часам чакаецца яшчэ адна хваля палітычна матываваных звальненьняў у Беларусі».