Некалькі сотняў чалавек сабраліся ля вайсковага клюбу ў Лідзе, каб ушанаваць памяць лётчыкаў Андрэя Нічыпарчыка і Мікіты Куканенкі.
Разьвітацца прыйшлі вайскоўцы, курсанты, мясцовыя жыхары, а таксама прадстаўнікі ўлады — старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік, міністар абароны Віктар Хрэнін ды іншыя.
«Сёньня мы разьвітваемся з нашымі героямі. Тое, што здарылася, непапраўна, але памяць пра лётчыкаў і іх подзьвіг назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах. Хлопцы не пакінулі практычна некіраваны самалёт і адвялі яго ад жылых дамоў, тым самым удалося пазьбегнуць непапраўнага. Гэты ўчынак сьведчыць, што ў нашых Узброеных сілах служаць моцныя духам і мужныя людзі», — адзначыў у прамове кіраўнік абароннага ведамства, перадаўшы блізкім «прэзыдэнцкае спачуваньне».
Пасьля цырымоніі разьвітаньня ў царкве на Лётнай вуліцы прайшло адпяваньне загінулых.
Трагедыя здарылася 19 траўня падчас вучэбна-трэнавальных палётаў у раёне Баранавічаў. Тады рыхтаваліся да авіяшоў, якое было заплянаванае ў Баранавічах на Дзень гораду. Самалёт Як-130 Андрэя Нічыпарчыка і Мікіты Куканенкі страціў кіраванасьць. Пілётам удалося адвесьці транспарт ад гарадзкіх кварталаў, але самі ўратавацца яны не пасьпелі.
Пасьля гэтага зьявілася шмат крытыкі ў адрас вайскоўцаў, якія палётамі над шчыльна заселенымі тэрыторыямі правакуюць рэальную небясьпеку, а потым «гераічнымі высілкамі» адводзяць пагрозу для жыцьця цывільных людзей.
У выніку надзвычайнага здарэньня пацярпеў сама меней адзін жыхар мікрараёну Ўсходні; акрамя таго, пашкоджаны сьцены і выбіты шыбы ў прылеглых дамах. Сьвяткаваньне Дня гораду ў Баранавічах скасаванае.