У Баранавічах 20 траўня адбылося разьвітаньне з загінулымі пілётамі Андрэем Нічыпарчыкам і Мікітам Куканенкам. Цырымонія адбылася ў храме ў гонар Жанчын-міраносіц.
19 траўня апоўдні на ўскраіне Баранавічаў разьбіўся вайсковы самалёт Як-130 Лідзкай штурмавой авіябазы.
Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі генэрал-маёр Ігар Голуб паведаміў, што па выніках папярэдняй працы Дзяржаўнай камісіі, куды ўваходзяць прадстаўнікі пракуратуры, Сьледчага камітэту, Міністэрства абароны і іншых ведамстваў, аварыйная сытуацыя адбылася ў гарызантальным палёце самалёту Як-130 над аэрадромам Баранавічы.
Экіпаж пасьля ўзьнікненьня аварыйнай сытуацыі далажыў кіраўніку палётаў аб адмове сыстэмы кіраваньня, што пацьвярджаецца матэрыяламі аб’ектыўнага кантролю чорных скрыняў. У такім выпадку экіпаж Як-130 абавязаны быў катапультавацца. Кіраўнік палётаў ня менш за 10 разоў падаваў у этэр каманду «Катапультуйцеся! Катапультуйцеся! Скачы!» У гэты час самалёт перайшоў у некіраваны хаатычны рух і яго траекторыя пачала схіляцца налева, у бок гораду.
Экіпаж не пакінуў самалёт, працягваючы змагацца, і яму ўдалося перайсьці на рэзэрвовую сыстэму кіраваньня, якая дазволіла стабілізаваць толькі кірунак палёту, вышыня ж працягвала інтэнсіўна падаць. Ад моманту стварэньня аварыйнай сытуацыі да падзеньня самалёта прайшло крыху больш за хвіліну.
На вышыні каля 50 м экіпаж здолеў у цяжкой сытуацыі скіраваць самалёт у адзіны пункт, які быў па-за жылымі пабудовамі. Экіпажу не хапіла вышыні для таго, каб бясьпечна пакінуць самалёт.
«Ад імя камандаваньня ВПС і войскаў СПА, усяго асабовага складу хачу выказаць сем’ям загінулых, родным і блізкім самыя глыбокія спачуваньні. Мы аказваем і будзем аказваць усю магчымую ў гэтай сытуацыі дапамогу. Але гэтыя афіцэры, гэтыя нашы баявыя браты — яны назаўсёды з намі ў страі».