Магілёўскія журналісты Аляксандар Буракоў і Ўладзімер Лапцэвіч адбылі палову з 20-дзённага адміністрацыйнага арышту. За гэты час адвакатам не ўдалося зь імі сустрэцца. Ад саміх журналістаў вядома, што першыя тры дні няволі яны трымалі галадоўку, пратэстуючы супраць нялюдзкага, як яны казалі на судах, абыходжаньня зь імі ў ізалятары.
За што былі зьняволеныя журналісты?
Буракова і Лапцэвіча затрымалі 12 траўня непадалёк ад будынку абласнога суду, дзе ў той дзень пачаўся закрыты працэс над сустаршынём аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлам Севярынцам, актывістамі кампаніі «Эўрапейская Беларусь» і палітычнымі блогерамі. Журналісты рыхтавалі матэрыял пра гэтую падзею і былі зьняволеныя.
15 траўня суд Ленінскага раёну Магілёва пакараў іх 20 днямі адміністрацыйнага арышту, абвінаваціўшы ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна цягам году. Сваёй віны яны не прызналі і даводзілі, што былі ля суду, бо выконвалі прафэсійныя абавязкі.
Пра галадоўку родныя дазналіся ад супрацоўнікаў ізалятару. На судовым працэсе журналісты пацьвердзілі, што галадаюць. Буракоў назваў умовы ўтрыманьня ў ізалятары «рэальным канцлягерам». Паводле яго, «спаць не даюць, голымі ставяць у калідоры». Пра «зьдзекі і катаваньні» казаў і Лапцэвіч. Ён казаў, што кепска пачуваецца, але яго ня водзяць да лекара, да таго ж забралі акуляры. Падчас разгляду справы яму зрабілася блага. Быў высокі ціск.
Адвакаты Буракова і Лапцэвіча падалі скаргі на іхныя прысуды.
За знаходжаньне ля суду былі асуджаныя на 15 сутак старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў і абласны каардынатар «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Алег Аксёнаў.
Што родныя журналістаў кажуць пра іхную галадоўку
20 траўня для Аляксандра Буракова прынялі перадачу з харчамі, вадой, цёплай адзежай ды пісьмовымі прыладамі. З гэтага родныя зрабілі выснову, што ён спыніў галадоўку.
Жонка Лапцэвіча Натальля ня ўпэўненая, што муж больш не галадае, бо адвакату не ўдалося гэтага высьветліць. Яна кажа, што Ўладзімер дапускаў затрыманьне ля суду і прасіў у ізалятар не насіць яму харчы, а толькі лекі, сродкі гігіены, пісьмовыя прылады ды ваду. Усё гэта яму было перададзена 20 траўня.
Паводле Натальлі, муж папярэджваў яе: калі будуць парушаць у няволі ягоныя правы, то абвесьціць галадоўку. Натальля спрабуе сустрэцца з начальнікам ізалятара і даведацца ад яго пра самаадчуваньне мужа. Яна кажа, што ён мае рэгулярна прымаць адмысловыя прэпараты.
У дзень, калі родныя дазналіся пра галадоўку, абласная міліцыя ў публікацыі на сваім сайце назвала інфармацыю пра яе непраўдзівай. Было заяўлена, што афіцыйных заяў пра яе абвяшчэньне ад затрыманых не паступала. Адзначалася, што яны ня маюць «ніякага дачыненьня да зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі і зьяўляюцца фрылянсэрамі».
Хто такі Буракоў?
Аляксандру Буракову 46 гадоў. Нарадзіўся ў Магілёве. Юнаком лічыўся «нефармалам», бо захапляўся рок-музыкам і хадзіў з даўгімі валасамі. Па словах маці Людмілы Іванаўны, у школе вучыўся добра і шмат чытаў. У Магілёўскім тэхналягічным інстытуце (цяпер Унівэрсытэт харчовых і хімічных тэхналёгіяў) вывучыўся на інжынэра. Працаваў у падатковай інспэкцыі, рабіў бухгальтарам.
На пачатку 1990-х Аляксандар паехаў у Нямеччыну пабачыць сьвет, які для народжаных у Савецкім Саюзе быў невядомым. Тады ўжо ён спрабаваў гаварыць па-беларуску. Чытаў беларускамоўную пэрыёдыку і падахвочваў да гэтага іншых.
У другой палове 90-х быў актывістам шэрагу апазыцыйных моладзевых суполак, якія зьяўляліся ў Магілёве. Удзельнічаў у пратэставых акцыях. У 1998 годзе Аляксандра Буракова асудзілі на сем дзён адміністрацыйнага арышту за палітычнае графіці. Гэта быў першы ў горадзе падобны прысуд.
Буракоў быў удзельнікам Плошчы-2006, якую назваў «беларускім маратонам свабоды». За той пратэст адседзеў у ізалятары ў менскім завулку Акрэсьціна 7 дзён.
У журналістыцы Аляксандар Буракоў з канца 1990-х. Піша для беларускіх і замежных мэдыя. Апошнія пяць гадоў супрацоўнічае з выданьнем Deutsche Welle. У інтэрнэт-выданьні «6tv.by Магілёўскі рэгіён» мае аўтарскія праграмы.
Буракоў вядомы ў Магілёве і як праваабаронца. У траўні 2020 году яго асудзілі на 10 дзён арышту за тое, што назіраў за сустрэчай каманды блогера Сяргея Ціханоўскага з магілёўцамі. Буракоў — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Хто такі Лапцэвіч?
Уладзімеру Лапцэвічу 50 гадоў. Нарадзіўся ў Гомлі ў сям’і вайскоўца. На пачатку 1990-х стаў сябрам толькі створанай тады Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і нават узначальваў гарадзкую арганізацыю. Ад яе вылучаўся ў дэпутаты гарсавету.
Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту. Настаўнічаў. Вучыў школьнікаў ангельскай мове. Рабіў рэдактарам на абласным радыё і чытаў на ім выпускі навінаў па-беларуску.
У 1997 годзе Лапцэвіча аштрафавалі за распаўсюджваньне ўлётак з крытыкай беларускіх уладаў. Камітэт правоў чалавека ААН, куды ён зьвярнуўся па абарону сваіх правоў, прызнаў, што яны парушаныя, і абавязаў беларускія ўлады рэабілітаваць грамадзяніна (што ігнаруецца дагэтуль).
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Лапцэвіч вымушаны быў на 9 гадоў пакінуць Беларусь. За мяжою супрацоўнічаў з тамтэйшымі мэдыя, а таксама ў Польшчы на Беласточчыне вучыў дзяцей ангельскай мове.
Па вяртаньні на радзіму амаль дзесяць гадоў быў карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН».
Падчас леташняй выбарчай кампаніі некалькі разоў трапляў у ізалятар. Дзесяць дзён трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага, на ягоны погляд, зьняволеньня.
Уладзімер Лапцэвіч — чалец юрыдычнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў. Супрацоўнічае з інтэрнэт-выданьнем «6tv.by Магілёўскі рэгіён». Робіць аўтарскія перадачы «Судовы канвэер» і «Права і бяспраўе».