Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Траціна складу не зь Беларусі». Ці парадуе Лукашэнку сёлета хакейная зборная


Рада Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі (IIHF) 18 студзеня прыняла рашэньне пазбавіць Беларусь права праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету па хакеі, які меўся праходзіць у Менску і Рызе. Аўтары: UliaLi і Дызайнэр Свабода
Рада Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі (IIHF) 18 студзеня прыняла рашэньне пазбавіць Беларусь права праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету па хакеі, які меўся праходзіць у Менску і Рызе. Аўтары: UliaLi і Дызайнэр Свабода

Чэмпіянат сьвету пачынаецца ўжо ў пятніцу 21 траўня. Кіраўнік беларускай хакейнай фэдэрацыі Мікалай Баскаў будзе глядзець яго па тэлевізары.

Чэмпіянат сьвету ў хакеі ў 2021 годзе павінен быў стаць для Беларусі хатнім. Плянавалася, што Менск будзе прымаць яго разам з Латвіяй. Менавіта ў Беларусі мусіў адбыцца самы важны матч за перамогу ў турніры.

Аднак пасьля падзей жніўня і восені 2020 году Міжнародная фэдэрацыя хакею перанесла чэмпіянат цалкам у Латвію. А тая, у сваю чаргу, забараніла на сваю тэрыторыю ўезд Мікалаю Баскаву, заўважанаму ў вечар сьмерці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен». У адказ зьяўляліся нават прапановы застацца ў Менску і правесьці тут свой чэмпіянат. Але ў выніку беларусы ў Рыгу ўсё ж паехалі.

«На мэдалі я не спадзяюся»

Які ж стан беларускага хакею напярэдадні чэмпіянату сьвету? Сваімі ўражаньнямі і прагнозамі падзяліўся вядомы спартовы журналіст, экспэрт у хакейнай тэматыцы Вячаслаў Федарэнкаў, які сышоў з «Прессбола» пасьля падзей мінулай восені.

«У такіх абставінах незвычайных, чаму не? – кажа Вячаслаў Федарэнкаў аб пэрспэктывах беларускіх хакеістаў на чэмпіянаце ў Рызе. – Мне асабіста вельмі прыкра было, што нашая зборная ня трапіла на Алімпіяду ў Карэі. Там таксама ўмовы былі незвычайныя. NHL сваіх хакеістаў на турнір не пусьціла, і ў нас былі нядрэнныя шанцы нешта выгуляць. Калі не мэдалі, то як мінімум паўтарыць посьпех Солт-Лэйк-Сіці. Але на мэдалі зараз я не спадзяюся. Хаця нейкія сюрпрызы магчымыя. Умовы нестандартныя, паўтаруся. А пры нестандартных умовах куды больш шанцаў у зборных другога эшалёну».

Вячаслаў Федарэнкаў кажа, што калі б зборная выступала ў Беларусі пры падтрымцы заўзятараў, шанцы на посьпех былі б большыя. У Латвіі ўсе матчы пройдуць без гледачоў.

«Гульня на хатнім лёдзе – гэта дадатковы фактар, які спрыяе посьпеху, – гаворыць Вячаслаў. – Адкідваючы палітыку, можна ўспомніць, як выступала зборная ў 2014 годзе ў Менску. Яна сапраўды была натхнёная, яна падабалася заўзятарам, і гэта прынесла плён. Гэта быў такі моцны зарад, што яго нават хапіла і на наступны чэмпіянат сьвету ў Чэхіі ў 2015 годзе. А вось потым мы пакаціліся ўніз».

Мэдалёў на чэмпіянатах сьвету (а таксама на Алімпіядах) беларускія хакеісты не заваёўвалі ніколі. Найлепшым посьпехам можна лічыць агульнае 6-е месца ў 2006 годзе. Здаралася 8-е ў 2009-м, 7-е ў 2014 і 2015 гадах. У 2002 годзе на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці беларусы былі нават чацьвёртымі. Але ў апошнія гады здарыўся спад. У 2018 годзе беларуская зборная нават вылецела зь найвышэйшага дывізіёну. Чэмпіянат у Рызе павінен стаць першым пасьля вяртаньня ў эліту.

«Ціснулі на слабыя месцы»

Перад латвійскім турнірам было шмат крытыкі ў адрас фэдэрацыі і хакеістаў з бок заўзятараў. Баскаву прыгадваюць актыўную падтрымку ўладаў і гісторыю з забойствам Рамана Бандарэнкі. Хакеістам – масавы ўдзел у падпісаньні праўладнага ліста спартоўцаў. Некаторыя зь іх расказваюць, што перад турнірам нават хацелі пафарбаваць клюшкі ў чырвона-зялёны колер. Аднак Вячаслаў Федарэнкаў гаворыць, што агулам усіх удзельнікаў зборнай нельга назваць адданымі прыхільнікамі рэжыму.

«Зразумела, пра ўсіх хакеістаў я не магу сказаць, – кажа Вячаслаў. – Але я б не перабольшваў праўладнасьць беларускага хакею. Так, хакеісты ставілі свае подпісы пад паперамі ў падтрымку ўлады, супраць тых, хто ўладу не падтрымлівае. Але я ведаю, як зьбіраліся гэтыя подпісы. Пра гэта мне расказвалі самі хакеісты. Гэта ўсё ішло праз пагрозы. Не труной і не турмой, зразумела. Але ціснулі на слабыя месцы, якія можна знайсьці ў кожнага. Калі малады, то праз вучобу ці службу ў войску. Калі хакеіст сталы, то праз кантракт. На жаль, такія зьявы прысутнічалі. Проста ў хакеі больш, магчыма, чым у іншых відах спорту».

Па словах экспэрта, праўладныя настроі можна прасачыць найперш у хакейных кіраўнікоў рознага ўзроўню, чым у саміх хакеістаў.

Сем небеларусаў у складзе

У заяўку зборнай Беларусі на чэмпіянат сьвету ў Рызе ўвайшлі 27 хакеістаў. Удзел у матчах будуць стала прымаць каля 20 зь іх. Пры гэтым траціна гульцоў, якія выйдуць на лёд у чырвона-зялёнай форме, нарадзіліся не ў Беларусі. Дэні Тэйлар, Джэф Плат, Франсіс Парэ, Шэйн Прынс і Нік Бэйлен паходзяць з Паўночнай Амэрыкі. Андрэй Антонаў і Герман Несьцераў – расейцы.

«Натуралізаваных хакеістаў у зборнай сёлета будзе столькі, што гэта альбо наш нацыянальны рэкорд, альбо нават сусьветны, – гаворыць Вячаслаў Федарэнкаў. – Чвэрць складу. А калі ўлічыць, што гуляюць ня поўнымі чатырма пяцёркамі, то нават больш за чвэрць. Гэта зьвязана з тым, што хакейныя кіраўнікі хочуць пусьціць пыл у вочы свайму вышэйшаму кіраўніцтву. Тыя з кіраўніцтва беларускага хакею, хто знаходзіцца на сярэднім узроўні герархіі, лічаць, што без натуралізацыі гульцоў з Паўночнай Амэрыкі ў зборнай нічога не атрымаецца»

Па словах Вячаслава Федарэнкава, беларускія пашпарты пачалі раздаваць амэрыканцам і канадцам гадоў 10 таму. Расейскіх хакеістаў у Беларусі натуралізаваць пачалі яшчэ раней. Але яны, кажа Федарэнкаў, пасьля пераезду хаця б застаюцца ў Беларусі жыць. Становяцца сапраўды сваімі. Для паўночных амэрыканцаў беларускі пашпарт – толькі магчымасьць правесьці некалькі матчаў на чэмпіянаце сьвету. У свае зборныя ім прабіцца нашмат цяжэй.

«Ім пашпарт беларускі ня лішні, беларусы ў расейскай Кантынэнтальнай хакейнай лізе ня лічацца легіянэрамі, – нагадвае таксама Федарэнкаў. – Ім зручна. Чаму б не згуляць за Беларусь на чэмпіянаце сьвету. У Канадзе ці ЗША ім гэта б не сьвяціла. Я не падтрымліваю такой зьявы. Чэмпіянат сьвету – гэта выстаўка дасягненьняў нацыянальных хакейных школ, а не дасягненьняў хакеістаў NHL, якія выступаюць у форме зборнай Беларусі».

Па словах экспэрта, раздача сваіх пашпартоў хакеістам з ЗША і Канады не зьяўляецца вынаходкай беларускай фэдэрацыі хакею. Так рабілі і іншыя краіны. У прыватнасьці, на пачатку нулявых такімі рэчамі займаліся немцы і швайцарцы. Але цяпер лідэрамі ў натуралізацыі хакеістаў зьяўляюцца акурат беларусы. Паспрачацца зь ведамствам Дзьмітрыя Баскава можа толькі Казахстан, які, па словах Вячаслава Федарэнкава, пераняў такую тактыку акурат ад беларусаў.

«У NHL сёньня гуляе толькі 1 беларус, а магло б быць 10»

Па словах Вячаслава Федарэнкава, посьпехі беларускага хакею ў канцы 90-х былі вынікам яшчэ савецкай школы падрыхтоўкі маладых хакеістаў.

«Алімпіяда ў Нагана (1998 год, калі Лукашэнка асабіста лётаў паглядзець гульні зборнай у Японію. – РС), дзе мы трапілі ў найлепшую васьмёрку, гэта быў вынік яшчэ таго, што рабілася для хакею ў савецкія часы, – кажа Вячаслаў Федарэнкаў. – А калі глянуць па складзе, то і Алімпіяда ў Солт-Лэйк-Сіці 2002 году. Гэта былі хлопцы, якія вырасьлі ў школе «Юнацтва» ў 80-я, а то і ў 70-я гады. Далей ужо была іншая гісторыя. Нельга спрачацца, што Аляксандар Рыгоравіч падтрымліваў хакей. Цяпер у Беларусі больш за 30 лядовых арэнаў, на пачатку 90-х іх было, так скажам, 3,5. Тут нельга адмаўляць крок наперад. А вось мэтадычна крыху горш. Мякка кажучы».

Лепш за ўсё аб праблемах у айчынным хакеі, па словах Вячаслава, сьведчыць акурат натуралізацыя замежных хакеістаў.

«Калі б у нас быў свой сталы канвэер у падрыхтоўцы гульцоў, то ў нас бы цяпер у «Нацыянальнай хакейнай лізе» быў не адзін Шаранговіч, – гаворыць экспэрт. – І то пасьля пяцігадовага перапынку ён першы. Дзякуй Богу, што хоць ён зьявіўся, а то сумна было. Пры нармальнай падрыхтоўцы ў нас магло б быць чалавек 10 сваіх хакеістаў у NHL. Нядаўна я размаўляў з адным вельмі вядомым нашым хакеістам, і ён мне прызнаўся, што Ягор Шаранговіч таксама, скажам так, «вырас на асфальце». Гэта не прадукт нейкай сыстэмы падрыхтоўкі».

Вячаслаў гаворыць, што сыстэма ў беларускім хакеі перабудоўваецца кожным новапрызначаных кіраўніком фэдэрацыі. Таму пра яе існаваньне гаварыць рана. За апошнія 10 гадоў фэдэрацыяй хакею Беларусі кіравалі 6 чалавек.

«Ці мае шанцы хакейная зборная штосьці выгуляць пра гэтай ўладзе? Я думаю, спартовыя посьпехі не залежаць ад палітычнай сыстэмы, – кажа Вячаслаў. – Ні аўтарытарызм, ні сацыялізм не адмаўляе спартовых посьпехаў. Ня думаю, што на спартоўцаў неяк уплывае, хто ў нас прэзыдэнт».

Вячаслаў гаворыць, што сёлета ў Беларусі падабралася самая моцная зборная з 2015 году. І яна мае як мінімум шанцы прайсьці празь першы этап турніру.

Першы свой матч беларусы згуляюць са зборнай Славаччыны. У групе супернікаў таксама Расея, Швэцыя, Чэхія, Швайцарыя, Данія і Вялікая Брытанія. Каб выйсьці ў плэй-оф, неабходна заняць месца з 1-га па 4-е.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG