У аўторак, 18 траўня, парлямэнт адправіў у адстаўку папярэдняга міністра Ўладзіслава Крыклія, які лабіяваў аднаўленьне воднага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора празь Беларусь. Выступаючы ў парлямэнце, Уладзіслаў Крыклій заявіў, што напісаў заяву аб звальненьні на просьбу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.
Украінскія тэлеграм-каналы яшчэ летась паведамлялі, што Аляксандар Кубракоў зьяўляецца родным пляменьнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова, а ягоны родны брат Мікалай і ёсьць бацькам новага ўкраінскага міністра.
Сам Аляксандар Кубракоў у сваіх публічных выступах ніколі ня згадваў пра свае беларускія карані і сваякоў. У ягонай афіцыйнай біяграфіі адзначаецца, што ён нарадзіўся ў Днепрапятроўскай вобласьці ў горадзе Першатравенск у 1982 годзе. Адукацыяй маркетоляг. Працаваў па спэцыяльнасьці ў шэрагу камэрцыйных структур, пэўны час працаваў раднікам у Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі. У афіцыйнай біяграфіі інфармацыя пра бацькоў увогуле адсутнічае.
Свабода зьвярнулася па камэнтар ў партыю «Слуга народу», ад якой ён трапіў у 2019 годзе у парлямэнт, а потым быў прызначаны на пасаду старшыні дзяржаўнага агенцтва «Укравтодор», але адказу не атрымала.
Камэнтуючы кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што Ўладзіслаў Крыклій, адпраўлены ў адстаўку, застаецца ў ягонай камандзе: «Да яго шмат пытаньняў няма».
Аб прызначэньні Аляксандра Кубракова ўкраінскі прэзыдэнт сказаў наступнае:
«Нам трэба вельмі хутка будаваць Украіну. Гэта датычыць ня толькі дарог. Катастрофа на Ўкраінскай чыгунцы, гэта датычыць марскіх партоў, дзяржаўна-прыватных авіяперавозак. Шмат рэчаў, пра якія я кажу, не зьявілася. І гэта пытаньне ня толькі да міністра, а і да ягонай каманды. Яны не змаглі, яны не пасьпелі. Але часу ў мяне няма. Найбольш магутны чалавек, які паказаў сапраўдны сур'ёзны вынік у інфраструктурных праектах, профільных, гэта Аляксандар Кубракоў, таму ён стаў міністрам».