Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі ўладальнік зьнішчанага складу ў Вэрбэціцах за дзень да выбуху быў побач з агентамі ГРУ


На месцы выбуху ў Вэрбэціцах.
На месцы выбуху ў Вэрбэціцах.

Уладальнік чэскай зброевай кампаніі IMEX Group Пэтр Бэрнатык знаходзіўся ў Астраве ў раёне гатэлю Corrado ў той жа самы час, калі там спыняліся меркаваныя агенты расейскай вайсковай выведкі Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў.

Пра гэта пішуць Чэскае радыё і штотыднёвік Respekt са спасылкай на дадзеныя білінгу мабільнага тэлефона бізнэсмэна.

Бэрнатык апынуўся паблізу гатэля 15 кастрычніка 2014 году, за дзень да першага выбуху на складзе боепрыпасаў у паселішчы Вэрбэціцы. У гэты ж дзень, па дадзеных СМІ, супрацоўнікі кампаніі IMEX атрымалі нечаканае ўказаньне ўзяць адгул. Бэрнатык быў адзіным чалавекам, які наведаў склад напярэдадні выбуху, да якога, як мяркуюць чэскія сьледчыя, датычныя Пятроў і Боширов.

Што менавіта рабіў у Астраве Бэрнатык і чаму ён знаходзіўся паблізу гатэля, высьветліць не ўдалося. Адвакат сказаў журналістам, што бізнэсмэн мог ехаць на аўтамабілі і спыніцца на скрыжаваньні. Паводле абаронцы, у Corrado яго кліент ніколі ня быў і з расейцамі ніколі не сустракаўся. Пры гэтым журналісты адзначаюць, што тэлефон Бэрнатыка знаходзіўся ў зоне гатэлю каля 40 хвілін.

Крыніцы ў чэскіх спэцслужбах на ўмовах ананімнасьці пацьвердзілі журналістам, што паліцыя рэканструявалі паездку Бэрнатыка 15 кастрычніка 2014 году, прааналізаваўшы дадзеныя мабільнага апэратара.

Пасьля прыпынку ў Астраве Бэрнатык накіраваўся ў Вэрбэціцы. Паводле відавочцаў, на склад ён прыехаў адзін. Паводле словаў работнікаў, гэта было надзвычайна, бо звычайна бізнэсмэна суправаджаў Людэк Пэтржык. Ён быў адным з двух работнікаў IMEX, якія загінулі пры выбуху.

На складзе Бэрнатык прабыў каля трох гадзін. У гэты час там не было нікога з супрацоўнікаў, бо ўсе яны былі ў адгулах.

Паводзіны арандатара прыцягнулі ўвагу сьледзтва. Як стала вядома Чэскаму радыё, у лютым сёлета Бэрнатык быў на 48 гадзін затрыманы, у яго адбыліся ператрусы. Сьледчыя-крыміналісты дапытвалі яго з прычыны падазрэньняў ва ўтойваньні інфармацыі ў сувязі з выбухамі.

Чэскія ўлады абвясьцілі аб падазрэньні на адрас агентаў расейскай вайсковай выведкі ў сярэдзіне красавіка. Кіраўнікі Чэхіі — за выключэньнем прэзыдэнта Мілаша Зэмана — сьцьвярджаюць, што ёсьць толькі адна вэрсія выбухаў, а менавіта датычнасьць Расеі. Як мяркуецца, мэтай выбухаў былі боепрыпасы, што прызначаліся для пастаўкі за мяжу, магчыма, ва Ўкраіну.

Чэхія выслала 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады. Пасьля сэрыі крокаў у адказ кожнага з бакоў Масква і Прага пагадзіліся на ураўноўваньне колькасьці супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў кожнай з краін. Расея абвінавачваньні ў датычнасьці да выбухаў катэгарычна адмаўляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG