Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы прэзыдэнт Армэніі заклікаў не дапусьціць да ўлады ў краіне нікога з папярэдніх кіраўнікоў


Левон Тэр-Пэтрасьян
Левон Тэр-Пэтрасьян

За некалькі тыдняў да датэрміновых выбараў, якія пройдуць у Армэніі 20 чэрвеня, Левон Тэр-Пэтрасьян заявіў, што ўвесь сьвет будзе кпіць з армянаў, калі яны зноў выберуць людзей, якія «прывялі краіну да гібелі».

Першы прэзыдэнт Армэніі Левон Тэр-Пэтрасьян перасьцярог суайчыньнікаў ад паўтарэньня старога шляху. Пра гэта ён сказаў у выступе на зьезьдзе партыі «Армянскі нацыянальны кангрэс» (АНК).

«Мы прайгралі не Азэрбайджану, а самі сабе на галаву прынесьлі паразу праз авантурную і безадказную палітыку ўладаў нашай краіны цягам апошніх 23 гадоў».

Тэр-Пэтрасьян зноў зьвярнуўся да сваёй прапановы балятавацца на маючых адбыцца 20 чэрвеня датэрміновых парлямэнцкіх выбарах у блёку з двума былымі прэзыдэнтамі.

«У агучаных тэкстах маёй прапановы я нават даў ключ да яе зьместу: з аднаго боку, прадухіліць узнаўленьне Нікола Пашыньяна, з другога — выключыць вяртаньне Робэрта Качар’яна да кіраваньня дзяржавай. Гэта было б гарантавана маёй умовай, што ніхто з трох былых прэзыдэнтаў ня зойме якой-небудзь дзяржаўнай пасады. Гэта вырашала абодва пытаньні», — лічыць Левон Тэр-Пэтрасян.

На думку Тэр-Пэтрасьяна, у краіне неабходна сфармаваць антыкрызісны ўрад, які складаецца ў асноўным з тэхнакратаў, на чале з прэм’ер-міністрам з сур’ёзным досьведам і навыкамі кіраваньня.

Паводле Лявона Тэр-Пэтрасьяна, ідучы на выбары, Робэрт Качар’ян кіруецца не ўсьведамленьнем дзяржаўных інтарэсаў, а выключна «апантанасьцю помстай Ніколу Пашыньяну». Сэрж Саргсьян, на думку першага прэзыдэнта Армэніі, ня мае на мэце вяртаньня ва ўладу, а проста хоча «выканаць свой абавязак» перад уласнай партыяй, каб у Нацыянальным сходзе была прадстаўлена хоць бы невялікая група рэспубліканцаў.

Прапанову Тэр-Пэтрасьяна адхіліў як Качар’ян, які балятуецца на выбарах у блёку з партыямі „Дашнакцут’юн“ і «Адроджаная Армэнія», так і Саргсьян, Рэспубліканская партыя якога аб’ядналася з партыяй «Бацькаўшчына» былога дырэктара Службы нацыянальнай бясьпекі Артура Ванэцьяна ў блёк «Гонар маю».

Тэр-Пэтрасьян заявіў, што пасьля паразы Армэніі ў Карабаскай вайне многія краіны адчуваюць да яе спагаду, але ў выпадку перамогі Пашыньяна або Качар’яна ўвесь сьвет «будзе кпіць з армянаў».

«Сьвет не зразумее, як армянскі народ выбірае лідэра той ці іншай сілы, якая прывяла краіну да гібелі. Акрамя таго, у выпадку абраньня таго, хто цяпер выконвае абавязкі прэм’ер-міністра або другога прэзыдэнта шэраг праблем, якія стаяць перад краінай, ня будзе вырашаны, хваляваньні ў Армэніі працягнуцца».

Рашэньне аб пытаньні ўдзелу «Армянскага нацыянальнага кангрэсу» ў выбарах 20 чэрвеня будзе прымаць новаабранае кіраўніцтва партыі. Тэр-Пэтрасьян заявіў, што ў такім выпадку гатовы ўзначаліць сьпіс кандыдатаў.

Раней армянская апазыцыя дамаглася абвяшчэньня датэрміновых выбараў у Нацыянальны сход краіны ў выніку палітычнага крызісу, які разгарэўся ў дзяржаве пасьля дамовы з Азэрбайджанам і Расеяй пра тое, што армянскія войскі пакінуць шэраг раёнаў Нагорнага Карабаху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG