Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрэбныя вычарпальныя захады. Улады Чарнігаўшчыны пра інфармацыйныя пагрозы ў памежжы з Расеяй і Беларусьсю


Шаша Гомель — Чарнігаў
Шаша Гомель — Чарнігаў

Старшыня Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ганна Каваленка заявіла пра існаваньне інфармацыйных пагрозаў для раёнаў рэгіёну, якія мяжуюць зь Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй.

«Маем адну з пагроз для інфармацыйнай бясьпекі ў паўночных раёнах, якія мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь», — заявіла Ганна Каваленка ў часе выязнога пасяджэньня ў Чарнігаве ўраду Ўкраіны.

Паводле яе, у Чарнігаве, Карукаўцы, Ноўгарад-Сіверскім ды Халмах аднавілі трансьляцыю аналягавага ўкраінскага грамадзкага вяшчаньня, але цалкам праблема нявырашаная, хаця былі адпаведныя рэкамэндацыі па выніках слуханьняў у парлямэнцкім камітэце ў пытаньнях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі.

Кіраўніца Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі зьвярнулася да прэм’ер-міністра Ўкраіны Дзяніса Шмыгаля з прапановай, каб да рэалізацыі стратэгіі інфармацыйнай бясьпекі былі залучаныя шэраг дзяржаўных структураў — Міністэрства лічбавай трансфармацыі, Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі, Адміністрацыя дзяржаўнай спэцыяльнай сувязі і Нацрада ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня.

Усе супольна, як сказала Ганна Каваленка, маюць «ажыцьцявіць вычарпальныя захады для інфармацыйнай бясьпекі тэрыторый, якія мяжуюць з краінай-агрэсарам».

У сакавіку 2018 году ўлады Чарнігаўшчыны стварылі працоўную групу ў пытаньнях інфармацыйнай бясьпекі, якая мусіла абмежаваць вяшчаньне на тэрыторыі вобласьці расейскіх і беларускіх тэлеканалаў.

У Чарнігаўскай вобласьці 7 з 22 раёнаў мяжуюць з Гомельскай вобласьцю Беларусі і Бранскай вобласьцю Расейскай Фэдэрацыі. У гэтых раёнах улады адзначалі «працяглае засільле як расейскіх, так і беларускіх каналаў». Асаблівай крытычнай сытуацыю ацанілі ў шасьці памежных раёнах — Карукаўскім, Рэпкінскім, Гараднянскім, Сямёнаўскім, Ноўгарад-Сіверскім ды Сноўскім, у якіх жывуць каля 200 тысяч грамадзян.

У студзені 2020 году ўкраінскія тэлеканалы закадавалі сваё вяшчаньне, а годам раней перайшлі ў лічбавы фармат працы.

Паводле інфармацыі Свабоды, цяпер на адлегласьці 70 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці даступныя радыёстанцыя «Мир» зь беларускім кантэнтам, канал «Культура» Беларускага радыё, а ў найбліжэйшых да Беларусі раёнах мясцовыя жыхары глядзяць Беларускае тэлебачаньне.

У той жа час, шэраг тэлевізійных апэратараў Украины прапануюць у базавым пакеце тэлеканал «Беларусь 24», які мае афіцыйны дазвол на трансьляцыю на ўкраінскай тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG